Мінздароўя прызнала рост інфекцыі, але не чэргі ў паліклініках


Працоўны тыдзень сёння шмат хто пачаў не на сваім працоўным месцы, а ў чарзе да лекара. Рост захваральнасці на траціну прызнала і Міністэрства аховы здароўя, але чэргі ў паліклініках чыноўнікі тлумачаць не ростам колькасці захворванняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Большая частка людзей, што былі ў гэтых чэргах, паводле апытання прыйшлі ў сувязі з тым, што хацелі абследавацца лабараторна і зрабіць тэсты», – заявіла першая намесніца міністра аховы здароўя Алена Краткова.

Паведамленні нашых гледачоў у сацсетках сведчаць пра іншае – чэргі складаюцца з хворых людзей.

«Мая дачка сядзіць у чарзе з 7:30. Прымаюць два лекары. Колькі чалавек, падлічыць немагчыма. Людзі займаюць чаргу, сыходзяць, потым ізноў прыходзяць. Спадзяюся, да 13:00 яна трапіць да лекара. У выніку ў чарзе хворыя людзі з тэмпературай і кашлем сядзяць 5–6 гадзінаў! Жах!»

«Ха, па 5 гадзінаў яны сядзяць. А тры дні, каб трапіць, не хочаце? І тое не факт. З шасці дактароў працуе адзін і загадчыца. Нічога, пасядзім, абы не было вайны. І гэта абласны цэнтр», – пішуць нашыя гледачы.

Чыноўнікі недахоп лекараў прызнаюць, але тлумачаць яго не шматлікімі звальненнямі, а тым, што дактары таксама хварэюць. Але паведамляюць, што ім знайшлі замену – ужо сёння больш як семсот інтэрнаў і студэнтаў-медыкаў пачалі працу ў амбулаторных установах. У беларускіх студэнтаў інтэрнатура і так вельмі кароткая, а яе такім чынам яшчэ скарачаюць, крытыкуе гэтую ідэю лекар Станіслаў Салавей.

«У жніўні яны выпускаюцца і становяцца лекарамі. А практычных навыкаў і досведу ў іх яшчэ менш, чым было б. У будучыні за гэта будзем расплачвацца пагаршэннем якасці дапамогі ў профільных дысцыплінах – неўралогіі, хірургіі, тэрапіі ці педыятрыі», – лічыць Станіслаў Салавей.

Паводле афіцыйных звестак, колькасць новых выпадкаў COVID-19 у Беларусі пасля некалькіх дзён рэкордаў зноў апусцілася ніжэй за 2 тысячы і значна меншая за суседзяў.

Але рэальныя лічбы статыстыкі магчымыя толькі тады, калі дзяржава ў іх зацікаўленая, падкрэслівае рэаніматолаг Уладзімір Мартаў.

«Калі ў нас няма гэтай задачы, і ўсе, хто захварэў, кажуць: я проста прастыў, у мяне проста кашаль. І гэтыя людзі не здаюць тэстаў, ім не прапаноўваюць, а яны самі могуць не настойваць. А калі будуць настойваць, то ім адмовяць у многіх выпадках – якая статыстыка? Гэта ўжо не статыстыка», – лічыць Уладзімір Мартаў.

Акурат адкласці правядзенне тэстаў, каб не ствараць чэргаў, параіла беларусам Алена Краткова. Калі дзяржава не клапоціцца пра грамадзянаў, кожны мае ўзяць на сябе адказнасць за ўласнае здароўе, падкрэслівае Уладзімір Мартаў. Эпідэмічныя ж патрабаванні застаюцца тымі, што і падчас першай хвалі: прышчэпкі, сацыяльнае ізаляванне, трыманне бяспечнай дыстанцыі, дэзынфекцыя і маскі ў грамадскіх месцах.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»