Лукашэнка пагражае ўслед апошняму «калійнаму» вагону


Апошні перад спыненнем транзіту цягнік з беларускімі калійнымі ўгнаеннямі перасек літоўскую мяжу, каб да поўначы даехаць да порту ў Клайпедзе. Згодна з палітычным рашэннем Літвы, апоўначы транспартаванне калію спыніцца. «Няхай потым не крыўдуюць» – заявіў Лукашэнка на нарадзе з прэм’ерам і кіраўнікамі калійнай галіны. Загадаў чыноўнікам рэалізаваць накіраваны супраць Літвы план.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

6-7 цягнікоў з лагатыпам «Беларуськалій», па 60 вагонаў кожны, штодня рабілі маршрут Салігорск-Клайпеда. Перавозілі звыш 10 тыс. тон угнаенняў. Праз некалькі гадзінаў порт прыме апошнюю партыю калію. «Супярэчыць нацыянальным інтарэсам Літвы»… Пасля ўвядзення ЗША санкцыяў супраць «Беларуськалію» урад Літвы на заканадаўчым узроўні забараніў транзіт.

«Дзяржаўныя прадпрыемствы кормяць палітыку Лукашэнкі, якая скіраваная супраць людзей Беларусі і супраць суседзяў. А таксама супраць сістэмы бяспекі, якую мы дагэтуль мелі. Таму працягваючы транзіт – мы ўмацоўваем рэжым»? – заявіў дэпутат еўрапарламенту з Літвы Пятрас Аўштравічус.

Беларускі экспарцёр шукаў магчымасцяў пазбегчы санкцыяў, уведзеных за жорсткасць палітычнага рэжыму. Літва фіксуе спробы абысці забарону. У прыватнасці, адное з беларускіх прадпрыемстваў з кітайскім капіталам (еўрапалітык не падаў назвы) намагаецца пераняць транзіт.

«Яны канешне разумеюць, што ў Літве лібералізаваныя перавозкі. І яны хочуць чыста на камерцыйнай аснове падысці да гэтага пытання. Я не думаю, што такімі абыходнымі дзеяннямі яны нас паставяць у нязручнае становішча», – папярэдзіў Пятрас Аўштравічус.

Беларускі бок у роспачы, бо губляе шмат. Цягам апошніх 10-ці гадоў абʼёмы транзіту беларускага калію праз Літву выраслі да васьмі мільёнаў тон у год. У 2020 годзе Беларусь зарабіла на экспарце $ 2,41 млрд. Гэта 8 % агульнага абʼёму беларускага экспарту і 4 % ВУП краіны.

Днямі «Беларуськалій» падаў у суд на літоўскі ўрад за скасаванне дамовы аб транзіце ўгнаенняў. Аляксандр Лукашэнка пайшоў шляхам пагроз:

«Калі гэта адбудзецца, (Звярнуўся ён да Рамана Галоўчанкі), то цягам некалькіх дзён маюць быць рэалізаваныя тыя мерапрыемствы, пра якія мы дамаўляліся, датычныя самой Літвы».

У сваім штогадовым «пасланні» кіраўнік наменклатурна-сілавой вертыкалі абяцаў дамовіцца з Расеяй і закрыць мяжу для літоўскага транзіту. Якія захады па сілах рэжыму?

«Тут могуць быць толькі такія рэчы, як, напрыклад, нацыяналізацыя ўсяго літоўскага бізнесу ў Беларусі. Або забарона ўезду ў нашую краіну для ўсіх літоўцаў. Альбо стварэнне зноў напружання на мяжы. Усё тое, што зʼяўляецца часткай гібрыднай вайны супраць Літвы», – акрэсліў эканаміст Яраслаў Раманчук.

Прэмʼер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце не баіцца пагроз і судоў з усходняю суседкай. Перш чым разрываць кантракт з «Беларуськаліем», юрысты ўзважылі ўсе магчымыя наступствы. З прэмʼеркаю сёння размаўляла Святлана Ціханоўская.

«Магчыма, рэжым, як заўжды, робіць шмат, каб запалохаць, а ў выніку зрабіць нічога не можа, бо перш за ўсё гэта ўдарыць па Беларусі і нашых людзях», – сказала Ціханоўская «Белсату».

Разарванне дамовы фінансава ўдарыць па літоўскіх людзях. Гадавы даход краіны ад транспартавання складаў дзясяткі мільёнаў еўра, якія дзялілі «Літоўскія дзяржаўныя чыгункі», Тэрмінал насыпных грузаў і Клайпедскі дзяржаўны марскі порт. Вільня не адмаўляе, што страты будуць. Але камерцыйны інтарэс саступае стратэгічнаму выбару.

Жыхары Вільні кажуць:

«Некаторыя эканамічныя страты будуць, але трэба прытрымлівацца сваёй пазіцыі – падтрымаць імкненне беларускіх людзей да дэмакратыі».

«Я ранкам пачуў, колькі Лукашэнка пасадзіў людзей за тое, што яны выйшлі са сваім нацыянальным сцягам. Ён – хворы чалавек, гэтаксама як крамлёўскі цар, і мы з гэтым змагаемся».

«У выніку нам закруцяць газ і ўсяго. Гэтым усё скончыцца».

Задзейнічаць свой план супраць Літвы каманда Лукашэнкі абяцалася праз лічаныя дні.

Юлія Цяльпук, «Белсат»