Удзельнік пратэсту ў Берасці: Яны думаюць, што падкінуць выбухоўку і людзі не прыйдуць


Больш за трыста пратэстоўцаў прайшлі сёння праз цэнтр Берасця, каб паказаць нязгоду з будаўніцтвам свінцова-акумулятарнага заводу ля гораду, і з рэпрэсіямі супраць актывістаў. Удзельнікі мірнай акцыі абураныя крымінальнай справай супраць лідараў ініцыятыўнай групы, у якой фігуруюць боепрыпасы і выбухоўка незразумелага паходжання.

Берасцейцы сабралі амаль 40 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ля гораду – подпісы праігнаравалі, завод дабудавалі. Кожную нядзелю людзі ладзяць мірныя акцыі пратэсту – міліцыя затрымлівае галоўных удзельнікаў. Але новая, больш жорсткая хваля рэпрэсіяў супраць ініцыятыўнай групы актывістаў, выклікала адваротны эфект: на берасцейскую плошчу Леніна сёння прыйшлі ўжо больш за 300 мясцовых жыхароў. Людзі абураюцца крымінальнай справай пра абарачэнне боепрыпасаў, распачатай супраць Майсея Мазька, які працуе эканомам у манастыры.

Вось што сказалі «Белсату» удзельнікі мірнай акцыі пратэсту:

«Яны думаюць, што калі актывістаў прэсаваць, падкідваць выбухоўку, як Мазьку падкінулі, то людзі не прыйдуць».

«Гэта яўная падстава, усе гэта разумеюць. Толькі той, хто не ўмее думаць, і не мае сваёй думкі, будзе верыць таму, што кажа Следчы камітэт».

«Настолькі ўсё груба і гадка, што органы ўнутраных справаў у маіх вачах упалі цалкам. Раней я давяраў ДАІ, то як цяпер я магу ім давяраць?»

Майсея Мазька ў аўторак 2 красавіка пасярод дарогі затрымалі ДАІшнікі і загадалі паказаць асабістыя рэчы. Нечакана для актывіста ў ягоным аўтамабілі знайшоўся пакет з патронамі да розных відаў зброі і чымсьці, падобным на тратыл і дэтанатар. На месцы хутка з’явілася аператыўная група і міліцэйскае кіраўніцтва. Майсея Мазька 3 дні трымалі ў ізалятары, пакуль адпусцілі, але цяпер за кратамі ягоны сын, а следства працягваецца.

«Я кожны раз сюды прыходжу. Выказаць салідарнасць з людзьмі, яны ўсё-такі за сваю будучыню стаяць тут».

«Мы павінныя падтрымліваць адно аднога, прыходзіць на гэтыя акцыі. Можа з акцыяў і пачнецца грамадзянская супольнасць у Беларусі», – кажуць удзельнікі сённяшняга шэсця.

На месцы сходу пратэстоўцаў мясцовыя ўлады арганізавалі спартовае свята для школьнікаў «Наперад да Еўрапейскіх гульняў». Таксама было шмат міліцыянтаў у цывільным. Напрыклад, маёр Андрэй Пышкін, кіраўнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Ленінскага райаддзелу Берасця, які асабіста затрымліваў актывістак Юлію Зубік і Таццяну Фесікаву. Сёння перад самым пачаткам акцыі на 2 гадзіны быў затрыманы Аляксандр Казлянка – міліцыя палічыла, што ён ехаў на нібыта скрадзеным ровары. Тым не менш, праціўнікі заводу прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця – Пушкінскай і Савецкай – мірным маршам пратэсту.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»