30 гадоў таму пачалося змаганне за Курапаты


Сённяшнія пратэсты абаронцаў нацыянальнага некропалю маюць ажно 30-цігадовую традыцыю. 19 чэрвеня 1988-га года ўва ўрочышчы на ўскрайку Менску адбыліся першае шэсце і мітынг грамадскасці, якая была шакаваная раскрытай праўдай пра масавыя расстрэлы сталінскімі катамі мірных жыхароў краіны. Доўгая дарога ў Курапаты – у матэрыяле Валерыя Руселіка.

Абуджэнне праз боль. Роўна 30 гадоў таму ў Курапаты ўпершыню прыйшлі каля дзесяці тысяч беларусаў, шакаваных жахліваю праўдаю пра тое, што на ўскрайку Менску, цягам чатырох гадоў НКВДэшнікі расстрэльвалі дзясяткамі, калі не сотнямі тысячаў мірных людзей. Забойства працягвалася ажно да нямецкай акупацыі. Аніякага дазволу на жалобныя шэсце і мітынг у савецкай улады ніхто нават і не думаў прасіць.

«Курапаты ўчынілі сапраўды эфект выбуху. Таму што большасць людзей яшчэ не разумела, што такое насамрэч савецкая ўлада. І калі адкрыліся факты масавых рэпрэсіяў і масавых пахаванняў, калі людзі даведаліся, дзе знаходзяцца іх сваякі і блізкія, гэта здзейсніла аграмадны пераварот у чалавечай свядомасці і шмат у чым садзейнічала абуджэнню пратэстнага і нацыянальнага руху», – кажа гісторык Зміцер Дрозд.

Акцыя, арганізаваная нефармальнаю суполкаю «Талака», адбылася неўзабаве пасля публікацыі ў газеце «Літаратура і мастацтва» артыкулу Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці».

Пазней арганізатараў акцыі пакаралі штрафамі, аднак непасрэдна ў часе шэсця і мітынгу абышлося без затрыманняў і арыштаў.

«Пасля гэтага мітынгу было натхненне і вера ў тое, што ў Беларусі вельмі хутка будуць перамены і будзе справядлівасць і праўда. Як вы ведаеце, тады ўдалося абараніць – і гэтым мітынгам, і іншымі дзеяннямі – і аўтараў артыкулу, і Курапаты», – згадвае ўдзельнік першага шэсця ў Курапаты Вячаслаў Сіўчык.

Агулам у Беларусі, нават паводле прызнанай уладамі інфармацыі, месцаў масавых расстрэлаў НКВДыстамі мірных людзей, падобных Курапатам, ажно адзінаццаць. З высновамі гісторыкаў пагадзіліся нават непасрэдныя спадкаемцы сталінскіх чэкістаў – сённяшні Камітэт дзяржбяспекі. Між тым, змаганне за праўду пра Курапаты не страчвае актуальнасці.

«І год, і два гады таму пачалі з’яўляцца артыкулы пра тое, што ў Курапатах расстрэльваў не НКВД, што там расстрэльвалі немцы. Хаця гэтая версія абсалютна фантастычная! Яна абвяргаецца ўсімі існымі дакументамі, і афіцыйнай версіяй самога КДБ. Сам КДБ ужо прызнаў, што там НКВД расстрэльваў», – працягвае Зміцер Дрозд.

Неафіцыйныя ж лічбы куды больш жахлівыя. Паводле шэрагу даследаванняў, агулам ад сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі пацярпелі каля двух мільёнаў чалавек, з якіх расстраляныя былі прынамсі 500 тысячаў. Вось толькі ці прабівае жахлівая праўда мур замоўчвання і хлусні – хаця б на прыкладзе Курапатаў?

Змаганне за праўду працягваецца.

Валерый Руселік, belsat.eu