30 дзён за кратамі. Дар'я Чульцова прасіла перадаць валяр‘янку і валідол


Роўна месяц не гучыць голас Кацярыны Андрэевай у эфіры «Белсату».

«Вітаем нашых гледачоў на Плошчы пераменаў…»

15-га лістапада Кацярына вяла шматгадзінны стрым пра супрацьстаянне абаронцаў мемарыялу забітаму Раману Бандарэнку і сілавікоў, здымала падзеі аператарка Дар‘я Чульцова.

Калі ўзброеныя амапаўцы пачалі пераследаваць людзей і калі сілавікі пачалі адступаць, Кацярына і Дар‘я працягнулі паказваць ды расказваць, што адбываецца.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова.
Фота: belsat.eu і архіў гераіні

«Вялікі дзякуй, што глядзелі маю трансляцыю, «Белсат», я Кацярына Андрэева з вамі не развітваюся».

Але гэта былі апошнія словы, якія пачулі гледачы. У кватэру, з якой журналістка з аператаркаю вялі трансляцыю, выламаўшы дзверы, уварваўся АМАП.

З ліста Кацярыны Андрэевай:

«Калі мяне затрымліваў спецназ, яны крычалі: «Паедзеш на зону на 7 гадоў, будзеш мянтам форму шыць». Намеснік начальніка ў РУУС называў «цёткаю», «малою», штурхаючы ў спіну з лесвіцы. Крычалі мянты: «Ты больш не будзеш весці сваіх стрымаў! Ніколі!»

Дзяўчат арыштавалі спачатку паводле адміністратыўнай справы, а пазней распачалі крымінальную. Кацярыну і Дар‘ю вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў такіх дзеяннях.

«Каця і Даша выконвалі свае прафесійныя абавязкі на плошчы пераменаў, яны вялі стрым, займаліся журналісцкай дзейнасцю і не маюць ніякага дачынення да арганізацыі акцыяў. Абвінавачанні, якія супраць іх высоўваюцца, беспадстаўныя, яны не паддаюцца ніякаму тлумачэнню акрамя аднаго – гэта помста за прафесійную дзейнасць нашых журналістаў», – кажа калега з «Белсату» Дзмітрый Ягораў.

Журналісткам пагражае да трох гадоў зняволення. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі. 30 дзён журналісткі «Белсату» застаюцца за кратамі і прынамсі яшчэ на 30 дзён маюць застацца ў ізалятары. А гэта значыць, што ў зняволенні – без родных і блізкіх – яны сустрэнуць Новы год і Каляды.

«Планы на Новы год у Дашы былі – яна хацела жыць у Менску і працаваць на «Белсаце» аператарам. Мы з маці вельмі перажываем за Дашу, за ейнае здароўе. Хоць яна і перадавала праз адваката, што ў яе ўсё добра, але там не ўсё добра, таму што яна прасіла перадаць валяр‘янку і валідол», – распавядае Настасся, сястра Дар’і Чульцовай.

23-ох гадовая аператарка Дар’я Чульцова толькі пачынала свой журналісцкі шлях: спрабавала сябе як аўтар рэпартажаў, але пазней яе больш прывабіла праца аператара.

27-мі гадовая Кацярына Андрэева вяла шматлікія стрымы ў эфіры «Белсату», заўсёды цікавілася падзеямі ў свеце, дасканала валодае англійскай ды іспанскаю мовамі, у суаўтарстве з мужам, журналістам Ігарам Ільяшом, выдала кнігу пра беларусаў на Данбасе.

«Чым бы ўсё цяпер ні скончылася, з журналістыкі яна не сыдзе. Хоць, думаю, гэта і так зразумела кожнаму, хто яе ведае», – кажа муж Кацярыны.

Цяпер у Беларусі за кратамі застаюцца восем журналістаў. Прадстаўнікоў нашай прафесіі цягам 4-ох месяцаў затрымлівалі каля чатырохсот разоў. Не зважаючы на гэта, беларусы надалей атрымліваюць праўдзівую інфармацыю з незалежных медыяў.

Вольга Старасціна, belsat.eu