Урад спрабуе ўтаймаваць цэны

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю працягне штучна ўтрымліваць цэны на сацыяльна значныя тавары. Але ўводзіць талоны на ежу для бедных урадоўцы пакуль не будуць. Чаго чакаць ад коштаў на харчы бізнесу і пакупнікам?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Рэгуляванне цэнаў на сацыяльна значныя тавары ў Беларусі працягнулі на тры месяцы. Праўда, спіс гэтых тавараў днямі скарацілі больш чым удвая. У ім было 62 пазіцыі, а цяпер – 29.

«Адзінае, да чаго гэта прывядзе, – гэта тое, што вытворцы будуць парушаць гэтую коштавую дысцыпліну. Заплаціць кантралёру штраф будзе прасцей, чым выконваць гэтыя патрабаванні па коштавых столях», – прагназуе кіраўнік даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Ідэю адмяніць рэгуляванне цэнаў Міністэрства гандлю тлумачыць стратамі прадпрыемстваў. Замест рэгулявання месяц таму віцэ-прэм’ер Аляксандр Субоцін прапанаваў падтрымаць маламаёмных «бонуснымі картамі» на прадукты. Картаў не ўвялі, а міністра гандлю Уладзіміра Калтовіча адправілі ў адстаўку. Яму на замену прыйшоў экс-спартовец і менеджар аграхолдынгу Аляксей Багданаў. Ён паабяцаў, «забяспечыць для простага беларуса шырокі асартымент прадукцыі за адэкватны кошт».

«Калі цэны зафіксаваныя ніжэй за ўзровень рынку, што адбываецца? Па-першае, змяншаецца якасць тавараў. Па-другое, скарачаецца іх колькасць. Альбо ідзе кантрабандны імпарт, альбо гэтыя тавары вымываюцца і вывозяцца за мяжу, дзе абмежаванняў коштаў няма. Замест шырокага асартыменту даступных тавараў людзі атрымліваюць адваротную сітуацыю», – тлумачыць Яраслаў Раманчук.

Цэны ў Беларусі рэгулююць на двух узроўнях. Па-першае, урад вызначае столь, вышэй за якую вытворцам нельга павышаць цэны. У спісе з 29-ці сацыяльна значных тавараў – бульба, малако, курынае мяса, хлеб, цукар. А вось туалетную паперу, рыбу і мыла з яго нядаўна выкінулі. Па-другое, урад вызначае максімальныя гандлёвыя нацэнкі для крамаў. У спісе тавараў, закранутых такім рэгуляваннем, – тыя ж базавыя малако, хлеб і мяса плюс некаторыя прадукты даражэйшыя – напрыклад, рыба і спагеці. Да рэгулявання цэнаў у пандэмію звярнуліся шмат якія краіны – тлумачыць украінскі эканаміст Алег Пэндзін.

«Калі ў вас у свеце на год на 32 адсоткі выраслі цэны на харчаванне ў доларавым эквіваленце, калі даходы насельніцтва, асабліва малазабяспечаных слаёў, не растуць тым тэмпам, які можа забяспечыць парытэт пакупніцкай здольнасці на належным узроўні, тады, вядома, дзяржава павінна ўмешвацца», – тлумачыць Алег Пэндзін.

Улады Беларусі рэгулявалі цэны на тавары яшчэ на світанку кіравання Лукашэнкі – з 1996 года. Пастаянны кантроль адмянілі ў перыяд лібералізацыі ў 2016 годзе, але з красавіка 2020-га часовае рэгуляванне ўвесь час падаўжаюць. Пры гэтым Беларусь застаецца лідарам у інфляцыі ў рэгіёне. Паводле Белстату, цэны ў краіне выраслі больш як на 10 адсоткаў. Акрамя Беларусі часовае рэгуляванне цэнаў на прадукты ў перыяд пандэміі ўводзіла Расея. Гэты сродак мае намер выкарыстоўваць і Украіна.

«Кошт на газ у нас 1100–1200 долараў за тысячу кубаметраў. Гэта 50–55 грыўняў за кубаметр. Гэта вельмі дорага! У гэтых умовах вытворцы сацыяльна значных тавараў наўпрост кажуць ураду, што яны могуць не ўтрымаць цэнаў».

У адрозненне ад Украіны, у Беларусі цэны растуць не з-за падаражэння газу і не толькі з-за скарачэння вытворчасці, выкліканага пандэміяй. На думку Яраслава Раманчука, беларусы страцілі давер да ўладаў, таму не інвестуюць, а трацяць грошы. Рост цэнаў у такой сітуацыі непазбежны.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама