У Менску закрываюць ліцэі

Менгарвыканкам пацвердзіў закрыццё ліцэяў № 1 і № 2 у Менску. Чакаецца, што навучэнцаў перавядуць у гімназію, а будынак аднаго з закрытых ліцэяў аддадуць педагагічнаму каледжу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Напярэдадні аб гэтым факце ў сваім Фэйсбуку вядомы педагог Яўген Лівянт напісаў наступнае:

«Няма ніякага тлумачэння прычынаў закрыцця ліцэяў – ні выразнага, ні невыразнага. Больш за тое, няма ніякіх дакументаў з гэтай нагоды. Верагодна, ні адзін чыноўнік не хоча падпісваць распараджэння аб закрыцці ліцэяў, каб не браць на сябе адказнасці за абсурднае і адначасова злачыннае, на мой погляд, рашэнне».

Такія дзеянні выглядаюць лагічным працягам яшчэ леташняй заявы Лукашэнкі аб тым, што ў ліцэях, цытата, «мы выхавалі новае, свабоднае пакаленне, якое нас цяпер і ўпікае». Кандыдат педагагічных навук, метадолаг Святлана Мацкевіч кажа аб гэтым наступнае:

«Рэжым цяпер змагаецца не з ліцэямі як такімі, рэжым змагаецца з мысленнем. Рэжым змагаецца з усім, што прэтэндуе на перспектыву, што прэтэндуе на будучыню, з усім, што прэтэндуе на павышэнне планкі развіцця ў Беларусі».

Пазней у праект новага Кодэксу аб адукацыі ўключылі тэзісы аб рэарганізацыі і ліквідацыі ліцэяў, у прыватных школах прайшлі праверкі, а мінулай зімой цяпер ужо былы міністр адукацыі Ігар Карпенка асабіста «прайшоўся» па ліцэях, задаўшыся пытаннем аб іх значнасці і неабходнасці.

Прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова кажа наступнае:

«Важным у гэтай ліцэйскай адукацыі ёсць якраз фармаванне – і спрыянне таму, каб выявіліся інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, закладзеныя ў дзяцей проста паводле факту іхнага нараджэння».

Бацькі менскіх ліцэістаў з неафіцыйных паведамленняў настаўнікаў ужо ведалі аб магчымым закрыцці ліцэяў і да апошняга змагаліся за права дзяцей атрымоўваць якасную адукацыю. Паказальна, што яшчэ 1-га снежня ў тэлеграм-канале Міністэрства адукацыі з’явілася фактычна дэзынфармацыя аб тым, што так званыя дэструктыўныя каналы ілгуць аб запланаваным закрыцці ліцэяў. Як жа можна супрацьдзейнічаць такой стратэгіі рэжыму?

Паводле Таццяны Шчытцовай офіс Святланы Ціханоўскай ініцыяваў падрыхтоўку адукацыйнага праекту, мэтай якога ёсць менавіта прадастаўленне нефармальных адукацыйных ініцыятываў онлайн, якія будуць кампенсаваць недахоп беларускага адукацыйнага кампаненту для дзяцей, што вымушана застаюцца ў эміграцыі, але гэтай платформай змогуць карыстацца і дзеці ў Беларусі.

У гэтым жа месяцы набыла моц пастанова Мінадукацыі № 243, якая змяняе правілы прыёму ў ліцэі і фактычна пазбаўляе ліцэй БДУ, з якога летась забралі дакументы Лукашэнкавы ўнучкі і малодшы сын, парасткаў самакіравання. Ліцэй цяпер не зможа праводзіць іспытаў у траўні, а нормы для ацэнкі будзе распрацоўваць Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, а не сам Белдзяржуніверсітэт.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама