Паўлу Севярынцу за кратамі споўнілася 45 гадоў


Сёння спаўняецца 45 гадоў палітыку і грамадскаму дзеячу Паўлу Севярынцу. Свой юбілей ён адзначае за кратамі – трэці год запар. Віншаванні палітвязню ляцяць з усяго свету.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я прыйшоў на пікет салідарнасці і пратэсту падтрымаць затрыманага Сяргей Ціханоўскага, затрыманага Мікалая Статкевіча, затрыманага Дзяніса Урбановіча – усіх тых, каго затрымалі за выказванне пратэсту», – такімі былі словы прамовы Паўла Севярынца на перадвыбарчым пікеце ў Менску.

Літаральна праз дзень, пасля пікету ў падтрымку Святланы Ціханоўскай, затрымалі і яго. 7-га чэрвеня 2020 года Павел Севярынец трапіў у няволю. А праз год суддзя Ірына Ланчава вынесла палітыку і пісьменніку вырак – 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Павел Севярынец у 90-я быў намеснікам старшыні партыі БНФ і старшынём «Маладога фронту». У 2005-м яго абвінавацілі ў арганізацыі акцыяў пратэсту і пакаралі абмежаваннем волі.

Два гады палітык працаваў на гэтак званай «хіміі», на лесанарыхтоўках. Пасля акцыі пратэсту 19-га снежня 2010 Севярынца ізноў асудзілі на тры гады «хіміі».

Сёння, у дзень народзінаў Паўла Севярынца, за краты шклоўскай калоніі, у якой ён адбывае свой тэрмін зняволення, ляцяць віншаванні ад ягоных калег і сяброў.

«Мы віншуем нашага шаноўнага сябра, мы яго вельмі любім, перадаем гарачыя прывітанні яго блізкім, яго сябрам, яго родным», – віншуе палітвязня яго паплечнік Сяргей Верамеенка.

«Віншую цябе, тваю сям’ю, тваю жонку і твайго сына з тым, што ў іх такі цудоўны тата і муж і жадаю табе моцнага здароўя, там, дзе ты знаходзішся, напісаць яшчэ адну кнігу», – жадае Паўлу ягоны сябар Георгій Дзмітрук.

«Дзякуй, што ты паказваеш прыклад, што быць вольным – гэта не значыць быць без кайданкоў, Але я жадаю табе, каб у наступным годзе ты быў не проста вольны духам, а быў вольны і жыў у вольнай краіне», – кажа сяброўка Алена Шабуня.

30-га снежня дзень народзінаў святкуе і Ніна Багінская. Яна стала адным з сімвалаў пратэстаў супраць фальсіфікацыяў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Спадарыню Ніну дзясяткі разоў затрымлівалі, пазней звычайна адпускалі без складання пратаколаў. На акцыях Ніна Багінская нязменна зʼяўлялася з бел-чырвона-белым сцягам, сімвалам свабоды. Свабоды, якая калісьці будзе сапраўдным падарункам і для спадарыні Ніны, і для Паўла Севярынца, і для ўсіх, хто марыць пра вольную Беларусь.

Наста Печанькова, «Белсат»