«Нельга здавацца, трэба працягваць барацьбу»


19-цігадовы Глеб некалькі тыдняў таму мусіў уцякаць з Беларусі, нелегальна мінаючы мяжу праз раку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На мне была корка са снегу і лёду, але я ўсё ж выжыў», – узгадвае Глеб.

Маладзён пастанавіў уцячы з краіны, бо пасля апеляцыйнага пратэсту суд змяніў ягоны першапачатковы вырак.

«Пракурор прасіла год калоніі, але на першым судзе прысудзілі год і 6 месяцаў «хатняй хіміі». Пракурору гэта не спадабалася, яна падала апеляцыю. І ўжо на другім судзе мне прысудзілі год калоніі», – распавядае Глеб.

У сітуацыі пераследу за выказванне палітычнай пазіцыі застаюцца тысячы беларусаў. У адной толькі берасцейскай «карагоднай справе» асудзілі ўжо 114 чалавек. Удзельнікі ініцыятывы «DISSIDENTBY» адзначаюць: кожны тыдзень дадаюцца 30–40 асобаў да іхных спісаў тых, хто цярпіць ад рэпрэсіяў.

«Важна разумець, што гэтая лічба ўсё адно і блізка не пакрывае ўсіх тых, хто зазнаў рэпрэсіі ды працягвае іх зазнаваць, бо толькі паводле афіцыйных заяваў трохі менш за 5 тысяч крымінальных справаў заведзена ў сувязі з пратэставымі падзеямі», – кажа Вячаслаў Касінераў.

На канец мінулага года ў краіне было 169 прызнаных праваабаронцамі палітычных вязняў, цяпер іх амаль у шэсць разоў больш.

«Ніякіх перадумоваў, каб думаць пра спыненне заўтра ці бліжэйшым часам хвалі гэтых рэпрэсіяў, мы не бачым», кажа праваабаронца Павел Сапелка.

Адзначыўся гэты год і рэкорднымі ў гісторыі незалежнай Беларусі тэрмінамі зняволення паводле палітычных матываў. Першым, хто атрымаў больш за 10 гадоў зняволення, стаў Віктар Бабарыка. Сябры ягонага штабу Марыя Калеснікава ды Максім знак атрымалі адпаведна 11 і 10 гадоў калоніі. Блогераў і палітыкаў у гэтак званай справе Ціханоўскага пакаралі тэрмінамі ад 14-ці да 18-ці гадоў, а Эдуарда Пальчыса – 13-цю гадамі зняволення. Па 18–20 гадоў пазбаўлення волі атрымалі чацвёра фігурантаў гэтак званай справы анархістаў.

«Прысуды, вынесеныя цяпер, на гэтыя жудасныя тэрміны, не павінны змусіць нас забыць пра прысуды, што вынесеныя на меншыя тэрміны, але тым не менш гэтаксама адвольна», – падкрэслівае Павел Сапелка.

Тыя, хто застаецца ў месцах зняволення, зазнаюць ціск, які вельмі часта можна назваць катаваннем, а часам нават гінуць у турме, як гэта сталася з 50-цігадовым Вітольдам Ашуркам. Палітвязняў не адпускаюць на пахаванні родных: развітацца з памерлымі бацькамі не здолелі ні Павел Севярынец, ні Валерыя Касцюгова. Праваабаронцы фіксуюць свядомае ігнараванне ў турмах супрацьэпідэмічных і нават санітарных нормаў.

«З маім сябрам Андрусём Войнічам ужо паўтара месяца няма ніякай сувязі, гэта вельмі цяжка для ягоных родных, і я разумею, што і для самога Андрэя. У Андрэя Войніча ёсць шэраг захворванняў, якія нясуць непасрэдную пагрозу жыццю» – кажа Андрэй Шарэнда, муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк.

Ад жанчыны таксама больш за месяц не было вестак, да яе не пускалі адваката і не прымалі перадачаў, а з апошняга ліста вынікае, што Паліну Шарэнду-Панасюк змясцілі ў памяшканне камернага тыпу.

«Паліна трымаецца добра, нават у лісце перадае невялічкае пасланне да мяне, да ўсіх беларусаў, што нельга здавацца, трэба працягваць барацьбу», – кажа Андрэй Шарэнда.

А любы дыялог з уладамі трэба пачынаць з безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў, падкрэсліваюць праваабаронцы.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»