«H&M» у Беларусі прыйшоў канец


Сусветна вядомы брэнд «H&M» цалкам пакінуў Беларусь. Цяжка паверыць, але змены ў моднай індустрыі прадыктаваныя вайной, якую Расея развязала ва Украіне. Спачатку холдынг «H&M Group» пайшоў з Расеі, а паколькі беларускі офіс падпарадкоўваецца Маскве, то згарнуў сваю дзейнасць і ў нас.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чарговы міжнародны брэнд сыходзіць з Беларусі. Учора «H&M» закрыў сваю краму ў Горадні, месяц таму – у «Галерэі Менск», а сёння ў Беларусі закрываецца апошняя крама «H&M» у гандлёвым цэнтры «Palazzo».

Раней беларусы мелі шырокі выбар адзення, сёння – маглі набыць толькі рэшткі рэчаў, а заўтра брэнду шведскай кампаніі «H&M» зусім не будзе ў Беларусі. Адзін з найбуйнейшых у свеце рытэйлераў адзення меў планы развівацца на беларускім рынку: «Сёлета збіраліся запускаць онлайн-краму і адкрывацца ў абласных цэнтрах», – сведчыць работнік беларускай крамы «H&M».

«Паколькі беларускі офіс падпарадкоўваецца расейскаму, і да іншай краіны нас не атрымалася далучыць, на жаль, выснова па Беларусі была прынятая такая ж, як і па Расеі. У выніку на склады Расеі тавары больш не паступалі, і крамы распрадавалі складскія запасы і тавары, прызначаныя для онлайн-крамы РФ», – на ўмовах ананімнасці распавёў нам работнік беларускай крамы «H&M».

У Расеі холдынг «H&M Group» 2-га сакавіка прыпыніў увесь продаж сваіх тавараў на нявызначаны тэрмін. Тады кампанія патлумачыла, «што глыбока занепакоеная трагічнымі падзеямі ва Украіне і падтрымлівае ўсіх людзей, якія пакутуюць». У ліпені кіраўніцтва кампаніі абвесціла пра выхад з расейскага рынку і ліквідацыю каля 6-ці тысячаў працоўных месцаў. У Беларусі працу страцілі каля 150-ці работнікаў. Кампанія скампенсавала ім 6 сярэднямесячных заробкаў.

«Усе працаўнікі офісу вельмі засмучаныя. Як і ў цэлым усе супрацоўнікі “Н&М”. Хто ведае замежныя мовы, той уладкоўваецца ў іншыя краіны Еўропы ў “Н&М”. Падаючы рэзюмэ і праходзячы сумоўе. Мне асабіста вельмі балюча з-за страты такога цудоўнага месца працы з найлепшымі ўмовамі працы і палітыкай кампаніі. Калегі, відавочна, разумеюць, што не знойдуць у РБ такога ж працадаўцы», – кажа работнік беларускай крамы «H&M».

На думку суразмоўцы, для пакупнікоў сыход брэнду – таксама вялікая страта. Паколькі калекцыі апошніх трэндаў за даступныя кошты заўсёды карысталіся попытам у беларусаў. Мы запыталі ў чытачоў нашага тэлеграм-каналу, ці сапраўды так:

«Гэта яшчэ адна нагода ўзгадаць, што ідзе вайна, для тых, хто робіць выгляд, што ўсё нармальна».

«Увесь “Беллёгпрам” – дзяржаўныя прадпрыемствы. Чытай – савецкія. Яны не здольныя своечасова і аператыўна рэагаваць на хутка зменлівыя густы спажыўцоў. Таму выхад “H&M” з Беларусі нічога добрага не прынясе. Гэта крок на шляху вяртання назад у савецкую шэрасць і тугу».

«Гэта не страта, гэта яшчэ адзін цвік у плот, якім агароджаны наш канцлагер».

Месца «H&M» у «Галерэі Менск» ужо заняў расейскі брэнд «Zarina». Як выхад буйнога рытэйлера зменіць сітуацыю на беларускім рынку, мы запыталі ў стылісткі Вольгі Семчанкі:

«Для эканомікі гэта, канечне, драма. Для людзей гэта не добра і не дрэнна, бо вопратку па добрых коштах можна знайсці паўсюль. У “H&M”, як і ў беларускіх дызайнераў, можна знайсці і добрую вопратку, і вопратку не вельмі».

Паводле апытання на нашым Youtube-канале, большасць гледачоў набывае адзенне ў сэканд-хэндах, другі па папулярнасці адказ – на рынках. Адзенне ад замежных фірмаў набывае амаль чвэрць рэспандэнтаў, а ад беларускіх вытворцаў – толькі 4% гледачоў.

«Ці хочуць беларускія брэнды замяніць, бо пытанне ў прадукцыі, не ў дызайне, а менавіта ў прадукцыі, у масавасці. Ці гатовы беларускі дызайнер вырабляць на такіх абаротах, як сусветныя брэнды, ці ёсць такія магчымасці?», – кажа стылістка, аўтарка праекту Style&Sense Вольга Семчанка.

Паводле эксперткі, прысутнасць замежнага масмаркету на беларускім рынку – гэта крок у бок развіцця. Пакуль жа праз палітычную абстаноўку доступ да сусветных брэндаў у Беларусі памяншаецца.

Аліна Скрабунова, «Белсат»