Лукашэнку чакаюць у Гаазе


Нашую калегу журналістку Ірыну Слаўнікаву праваабаронцы прызналі палітзняволенай. Яе вінавацяць у арганізацыі беспарадкаў. Агулам за кратамі застаецца 30 журналістаў. Сёння ў Еўрапарламенце прайшлі слуханні аб прававых шляхах прыцягнення да міжнароднай адказнасці людзей, адказных за цяжкія злачынствы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Еўрадэпутаты і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці вывучалі ўсе варыянты рэагавання міжнароднай супольнасці на падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі з мінулага году.

Лукашэнку ды іншым злачынцам, датычным грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, не пазбегнуць адказнасці. Пра гэта заявілі ў Брусэлі пад час трэцяга пасяджэння платформы Еўрапарламенту ў справах барацьбы з беспакаранасцю беларускіх уладаў.

«Сёння можна распачаць юрыдычныя справы ды звяртацца ў Міжнародны суд у Гаазе, каб пачалося расследаванне. І гэта можна зрабіць вельмі хутка», – заявіў дэпутат Еўрапарламенту Андрус Кубілюс.

«Ужо ўведзены санкцыйны рэжым на еўрапейскім узроўні, і мы патрабуем яшчэ больш санкцыяў для гэтай краіны. Але важна таксама працягваць падтрымліваць людзей, якія змагаюцца за правы чалавека як у Беларусі, так і за яе межамі», – падкрэсліла дэпутатка Еўрапарламенту Мары Арэна.

Тым часам пераслед іншадумцаў у Беларусі не спыняецца. У Менску працягнуўся суд над палітзняволенай, шматдзетнай маці Вольгаю Залатар. Ёй пагражае да пяці гадоў няволі. Сёння Вольга выступіла з апошнім словам:

«Як мама і як каталічка я стаю на варце чалавечай годнасці і духоўнай каштоўнасці. Усе мае дзеянні і выказванні прадыктаваныя любоўю да людзей і нянавісцю да хлусні і гвалту».

А палітзняволенага старшыню партыі БНФ Рагора Кастусёва шпіталізавалі. У палітыка падазраюць анкалагічную хваробу. Амаль 8 месяцаў яго трымаюць у СІЗА КДБ паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў дзяржаўным перавароце.

Іншага палітзняволенага, Мікалая Дзядка, уначы перавялі з менскага СІЗА №1 у магілёўскую турму № 4.

Палітзняволеных у камерах праслухоўваюць, сведчаць кіберпартызаны. У якасці доказаў яны апублікавалі аўдыязапіс размоваў, імаверна, працаўніка IT-кампаніі «ПандаДок» падчас ягонага ўтрымання за кратамі. Закон дае сілавікам неабмежаваныя магчымасці для збору інфармацыі пра затрыманых, асабліва палітычных, папярэджвае праваабаронца Сяргей Усцінаў і раіць:

«Найлепшая абарона ад аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў… У дадзеным выпадку, гэта слухавы кантроль – праслушка… Гэта не размаўляць аб крымінальнай справе з сукамернікамі. Яны могуць аказацца падсаднымі, або, як у дадзеным выпадку, размовы могуць быць запісаныя і потым выкарыстаныя супраць самога чалавека».

У Віцебску ў Кастрычніцкі суд выклікалі былога палітзняволенага Міхаіла Жамчужнага. Праінфармаваў яго пра выклік уначы вусна міліцыянт, але не патлумачыў прычынаў. Азнаёміцца з матэрыяламі справы Жамчужнаму не далі, бо яна не паступіла ў суд. Праз гэта паседжанне адклалі.

«Я гэта расцэньваю як дадатковы ціск, дадатковыя рэпрэсіі супраць мяне. Адкладзенае пакаранне, чакаць невядома чаго, невядома, паводле якога абвінавачвання. Невядома, якія матэрыялы справы паступяць у суд», – кажа Міхаіл Жамчужны.

Журналістку Ірыну Слаўнікаву праваабаронцы прызналі палітзняволенай. Яе разам з мужам затрымалі 30-га кастрычніка. Ірыну вінавацяць у арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

«Гэта абсалютна выключана і нельга ўявіць, што Ірына Слаўнікава была арганізатаркай нейкіх пратэстаў. Нават калі журналіст і быў на пратэсце, ён выконваў свае прафесійныя абавязкі, і гэта ніяк не цягне на парушэнне крымінальнага артыкулу», перакананы намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Агулам за кратамі застаюцца 30 журналістаў, а колькасць палітзняволеных сёння – 888 чалавек.

Антон Каменскі, «Белсат»