Усё больш пытанняў па затрыманні Андрэя Зельцара


Па ўсёй Беларусі адбываюцца затрыманні, звязаныя з каментаваннем у сацсетках допісаў пра смерць Андрэя Зельцара і супрацоўніка КДБ. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», агулам забралі каля паўсотні асобаў у межах артыкулаў Крымінальнага кодэксу за «абразу прадстаўніка ўлады» і «распальванне варожасці».

Трагічнае здарэнне ў выніку ўрывання сілавікоў у кватэру да праграміста, пасля якога ўлады апублікавалі спрэчнае змантаванае відэа, знятае з некалькіх камераў, набыло моцны рэзананс у грамадстве і выклікае ўсё больш пытанняў.

«Хто ўсё ж забіў супрацоўніка КДБ? Ці гэта быў той чалавек, што быў у кватэры, ці самі кадэбэшнікі яго выпадкова забілі? І другое пытанне: што ўсё ж такі адбылося з Зельцарам? Бо ягонага цела мы не бачым, ніякіх фотаздымкаў таксама не бачым», – пералічвае прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Сяргей Зікрацкі.

Былы супрацоўнік беларускага спецназу Ігар Макар лічыць дзеянні сілавікоў, якія затрымлівалі Андрэя Зельцара, надзвычай непрафесійнымі. Цяпер жа ўлады робяць усё, каб схаваць тое, што адбылося насамрэч. Смерць Андрэя Зельцара, на думку Ігара Макара, зусім не відавочная, і нават наадварот, некаторыя дзеянні ўладаў могуць сведчыць пра тое, што ён уцёк. А менавіта тое, што цела Зельцара не паказалі, а ягоную жонку пасадзілі на Акрэсціна.

«Ніколі ў жыцці пасля такое спецаперацыі супрацоўнікаў КДБ не будзе дастаўлены затрыманы ў іншы ізалятар. Толькі ў «амерыканку», то бок у ізалятар КДБ, дзе будуць праводзяцца ўсе дзеянні. Тут мы бачым, што жонку ўзялі ў закладнікі, каб знайсці мужа, то бок Андрэя Зельцара», – лічыць Ігар Макар.

Даць адказы на ўсе пытанні магло б апублікаванне немантаванага відэа прынамсі трох камераў, якія – гэта бачна з афіцыйнага роліку – рабілі здымку. Замест гэтага ўлады затрымліваюць людзей нібыта за распальванне варожасці. Пасля здарэння пракуратура імгненна выдала вынікі праверкі, паводле якіх сілавікі дзеялі правільна. А дзяржаўны прапагандыст Грыгорый Азаронак заявіў, што Андрэй Зельцар сам выклікаў міліцыю, каб учыніць бойку. Першапачаткова ж паведамлялася, што сілавікі прыйшлі да Зельцара мэтанакіравана як да падазраванага ў тэрарыстычнай дзейнасці. Намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў абяцаў «адказ» на забойства супрацоўніка КДБ.

«Ёсць тэрарыст, ёсць адрас, дзе ён знаходзіцца. Пад’ехалі, папярэдзілі. Не адчынілі дзвярэй – дзверы выбухаюць. Будуць падарваныя дзверы, будуць ужытыя святлошумавыя гранаты, супрацоўнікі запусцяць туды сабаку, зойдзем туды са шчытом. І калі ў гэтай сітуацыі мы не ўбачым паднятых рук, вораг будзе знішчаны», – казаў Мікалай Карпянкоў у эфіры тэлеканалу СТВ.

Былы адвакат Сяргей Зікрацкі нагадвае сілавікам пра неабходнасць трымацца закону.«Я б хацеў нагадаць усім супрацоўнікам МУС, што існуе закон, які дакладна вызначае тыя выпадкі, калі можна ўжываць спецсродкі. І калі нехта не адкрыў дзвярэй, гэта яшчэ не азначае, што можна выкарыстоўваць усё тое, што было сказана ў тым каментары», – кажа Сяргей Зікрацкі.

Палітолаг Валер Карбалевіч усе дзеянні ўлады, як і сам трагічны выпадак, лічыць непазбежным вынікам цяперашняй палітыкі ў Беларусі.

«Гэта вынік таго супрацьстаяння, той мовы варажнечы і нянавісці, якая выкарыстоўваецца, дарэчы, з абодвух бакоў падчас гэтага канфлікту. Гэта вынік таго беларускага крызісу, які пачаўся ў мінулым годзе і які не вырашаны дасюль. І адзіным спосабам яго вырашэння ўлада бачыць толькі гвалт», – кажа Валер Карбалевіч.

Дзеянні ўлады толькі пашыраюць раскол у грамадстве, які, у сваю чаргу, памяншае шанцы на мірнае выйсце з крызісу, перакананы Валер Карбалевіч.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»