Атака нелегалаў


Рэжым Лукашэнкі перанакіраваў асноўныя гібрыдныя атакі з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў на Польшчу. Пра гэта заявіў літоўскі міністр абароны і нагадаў, што ў чэрвені і ў пачатку жніўня плынь нелегалаў з Беларусі ў Літву была ў 10–20 разоў большым, чым у Польшчу. Арвідас Анушаўскас лічыць, што міграцыйны крызіс закончыцца, як толькі Менск перастане ціснуць на суседзяў.

Польскія памежнікі ідуць на новы рэкорд: толькі за сёння яны перадухілілі амаль паўтысячы спробаў нелегальнага пераходу мяжы з Беларуссю. Затрыманыя 4 іракцы і адзін еменец, астатніх не ўпусцілі. Таксама затрымалі грамадзянаў Балгарыі ды Сірыі з нямецкім відам на жыхарства – за дапамогу ў парушэнні мяжы.

Даходзіць і да ґвалтоўных інцыдэнтаў. У польскім мястэчку Саколка, што між Горадняй і Беластокам, праваднік нелегальных мігрантаў, уцякаючы, наехаў мінівэнам на паліцыянта.

«Тады паліцыянт выстраліў у бок аўтамабіля, і толькі тады аўтамабіль спыніўся. За стырном быў грамадзянін Грузіі, настолькі агрэсіўны, што паліцыі давялося скарыстацца электрашокерамі, каб яго затрымаць», – распавядае Томаш Крупа, прэс-сакратар паліцыі Падляшша.

Таксама ў машыне было 13 нелегалаў – грамадзянаў Турцыі ды Іраку. Усе яны затрыманыя.

Польскія памежнікі не толькі будуюць агароджы з калючага дроту. У Сейм – гэта ніжняя палата польскага парламенту – скіраваны законапраект аб закупах сейсмічных датчыкаў і камераў, адчувальных да руху.

Таксама Сейм абмяркуе працяг надзвычайнага становішча ў памежных з Беларуссю раёнах.

А ў Менску, наадварот, абвінавачваюць Польшчу ў арганізацыю крызісу з мігрантамі.

Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў краіны Захаду, што яны самі запрасілі ўцекачоў з Афганістану і з іншых краінаў.

На баку Лукашэнкі мімаволі выступіла міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International», абвінаваціўшы Польшчу ў тым, што памежнікі не прапусцілі парушальнікаў мяжы ды выціснулі іх за польскія памежныя слупы.

«Выдварэнне людзей, якія спрабуюць атрымаць прытулак, без індывідуальнай ацэнкі іх патрэбаў у абароне, супярэчыць еўрапейскаму і міжнароднаму праву», – заявіла Іў Гедзі, дырэктарка «Amnesty International» у Еўропе.

Раней Еўрапейскі суд правоў чалавека забавязаў Польшчу забяспечыць мігрантаў харчамі, вадою, вопраткаю, надаць ім медычную дапамогу і, па магчымасці, часовы прапанаваць прытулак. Польскія ўлады адказалі, што нелегальныя мігранты застаюцца з беларускага боку мяжы, і польскія службы гэтай мяжы парушаць не будуць.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»