Тэлефоны ўладных вярхоў у агульным доступе


«Кіберпартызаны» заявілі, што ім удалося ўзламаць базы звестак усіх аператараў сувязі ў Беларусі. У якасці доказу яны апублікавалі прыватныя нумары тэлефонаў кіраўніка КДБ, міністра ўнутраных справаў, а таксама сына Лукашэнкі – Віктара. Некаторыя нумары пацвердзіліся. Мы звязаліся з «Кіберпартызанамі», каб даведацца, як сілавікі рэагуюць на злівы ў інтэрнэт сваіх асабістых звестак.

– Ці ёсць рэакцыя ад сілавікоў на тое, што вы публікуеце іхныя дадзеныя, раней пашпартныя, адрасы, а цяпер і нумары тэлефонаў?

– Так, нам часам пішуць сілавікі, але ў асноўным яны пішуць каналах «Карнікі Беларусі» і «ЧКБ», а таксама на «black map». Напэўна нас яны трохі баяцца, маўляў узламаем мы іх ці кшталту таго. Часта яны спрабуюць апраўдацца або даказаць што яны ня маюць дачынення да злачынстваў або даўно звольніліся.

– Вы кажаце, што маеце інфармацыю пра машыны, кватэры дачы і іншае сілавікоў. Хто самы заможны?

– Мы пакуль яшчэ не паглыбляліся ў гэтую тэму але ў апошнім анонсе ўзлому баз тэлефонных аператараў мы злілі катэдж Шэймана. Сказаць што дадзеных шмат – гэта нічога не сказаць. Мы зараз завяршаем распрацаванне пошукавай сістэмы, якая дазволіць нам аналізаваць усе нашы базы больш эфектыўна. Дарагія дамы і аўтамабілі часта зарэгістраваныя на сям’ю а не на саміх слабавікоў. Мы ўжо супрацоўнічаем з многімі журналістамі, якія дапамагаюць з апрацаваннем дадзеных і расследаваннямі.

– Чаму цэлай дзяржаве не ўдаецца справіцца з «Кіберпартызанамі»?

– Рэжым відавочна не здольны адаптавацца да рэаліяў 21-га стагоддзя. Інфраструктура састарэла, спецыялісты пакідаюць краіну. І замест таго каб падтрымаць ІТ-сектар грамадзянін Лукашэнка яго знішчае. Выбар за ім, і вынікі на твар.

Важна растлумачыць, што такое аперацыя «Жара». Гэта вынік шматмесячнай працы. Некаторыя інструменты мы пачалі распрацоўваць ужо ў кастрычніку 2020-га.

Таксама варта звярнуць увагу на тое, што людзі, якія працуюць за ідэю і за сваю будучыню, будуць у разы больш прадуктыўныя і больш крэатыўныя, чым тыя, хто змагаецца супраць уласнага народа.

– Што лічыце сваім галоўным поспехам за гэты амаль год працы?

Яшчэ рана казаць пра поспехі калі так шмат палітвязняў сядзяць у турмах. Для нас поспех будзе калі нарэшце мы выбʼем першую цагліну са сцен Акрэсціна або СІЗА КДБ. Самыя яркія нашы аперацыі хутчэй за ўсё былі ўзлом БТ і АНТ і аперацыя «Жара».

belsat.eu