Продаж зерня пад забаронаю


Віцэ-прэм’ер Аляксандр Субоцін пракаментаваў нядаўнюю забарону на вываз зерня з Беларусі. Паводле яго, гэта вымушаны крок і галадаць ніхто ня будзе: ні жывёла, ні людзі. Аднак недахоп так званага фуражнага – альбо кармавога – зерня сёлета складае да васьмісот пяцідзесяці тысяч тонаў.

Паводле Субоціна, забарону на продаж зерня ўвялі, каб замежнікі або спекулянты не спрабавалі зарабіць на яго перапродажы.

«Мы забараняем вывазіць збожжа на экспарт, каб насыціць унутраны рынак. Калі мы будзем бачыць, што ўсё пазітыўна складваецца, тады мы, вядома, прыадкрыем гэтую заслону і скарэктуем. Але пакуль вось так. Прыярытэт – унутраны рынак, нашыя людзі», – кажа віцэ-прэмʼер Аляксандр Субоцін.

З іншага боку, хто меў бы займацца тымі спекуляцыямі ў краіне, дзе, лічы, увесь ураджай належыць дзяржаве.

«Прычына забароны экспарту толькі ў адным – недахоп зерня. Ніякіх іншых прычынаў у Беларусі ў дадзеным выпадку мы не бачым. Толькі недахоп зерня і ў першую чаргу таго, што прызначана для жывёлы. І калі нехта кажа, што гэта робіцца для таго, каб не было перакупаў, то якія перакупы?! У нас усё зерне ў лапах дзяржавы, таму няхай пра гэта ніхто не кажа!», – сцвярджае Пётр Мігурскі, кандыдат эканамічных навук.

Недахоп кармавога зерня сёлета – прызнае віцэ-прэмʼер – складае 800–850 тысяч тонаў. Аднак на складах яшчэ засталіся запасы з мінулага года, і таму пакуль харчовай небяспекі няма.

«Для людзей у нас забеспячэнне на ўзроўні 80 %, не менш, а для жывёлы таксама больш нарыхтавана кармоў, але другая справа – будзе меней канцэнтратаў, і жывёла не будзе падаць», – лічыць Пётр Мігурскі, кандыдат эканамічных навук.

Слабейшы ўраджай сёлета дзейныя ўлады тлумачаць моцнаю спёкай і, цытата, «доўгай вясной». Толькі гледзячы на паказнік ураджайнасці пшаніцы, наша краіна займае апошняе месца сярод суседзяў з самымі малымі 30-цю цэнтнерамі з гектара.

Забароны на продаж закранулі не толькі зерне. З 22 ліпеня з Беларусі на тры месяцы забаранілі вывозіць муку з пшаніцы, крупы грубага памолу і грэчку. Забарона распаўсюджваецца як на вываз у краіны ЕўрАзЭС, так і за межы гэтага саюзу. Паводле апошніх звестак, забароны застануцца прынамсі на паўгода.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»