Дзень зніклых, якіх шукалі... і не


30-га жніўня – Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў, заснаваны ААН. Беларусам у гэтай тэме ёсць каго згадаць. Зніклых без вестак тысячы, але шукаюць ня ўсіх. На мяжы стагоддзяў зніклі высокапастаўленыя палітыкі, бізнесовец і тэлеаператар, у постацях якіх было нешта агульнае – яны мелі ўплыў і выступалі супраць Аляксандра Лукашэнкі, які рыхтаваўся да чарговых выбараў. Узгадваем зніклых і стан іхных справаў.

Каля будынку амбасады Нарвегіі ў Вільні ў форме перформансу 30-га жніўня адбывалася тое, чаго некаторыя нарвежскія бізнесоўцы не заўважаюць у далёкай Беларусі.

У ролі амапаўцаў – людзі ў талстоўках з лагатыпам «YARA» – нарвежскай кампаніі, якая насуперак санкцыям Еўразвязу вядзе бізнес з «Беларуськаліем». Удзельнікі акцыі кажуць:

«Мы сабраліся тут сёння, каб выказаць Нарвегіі, што іхная супраца з Беларуссю ёсць нічым іншым, як спансараваннем злачыннага рэжыму».

«Яны («YARA» – заўв. Belsat) аплочваюць катаванні і здзекі над людзьмі».

Беларусы, якія прайшлі праз рэпрэсіі і аказаліся ў палітычнай эміграцыі, патрабавалі таксама, каб Міжнародны валютны фонд не даваў Менску абяцанай дапамогі.

«Тут мы знаходзімся а волі і нам не страшна. Таму мы мусім рабіць усё што можам, каб паўплываць на сітуацыю. Людзі любяць карцінкі. Мы дамо ім карцінку», – каментуе Марына, суарганізатарка акцыі.

30-га жніўня для пратэсту абралі адмыслова. Сёння Міжнародны дзень ахвяраў гвалтоўных знікненняў. У 1999-ым годзе бязмежжа беларускіх сілавікоў пачалося менавіта з выкраданняў палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі: высокіх палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, бізнесоўца Анатоля Красоўскага, аператара тэлеканалу ОРТ Дзмітрыя Завадскага… Колішні дэпутат Вярхоўнага Савету і тагачасны старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўзгадвае:

«Дэпутаты Вярхоўнага Савету з плакатамі прыйшлі да адміністрацыі беларускага правіцеля. Тады яна яшчэ месцілася на Карла Маркса 39. Міліцыянты спрабавалі нас не прапусціць. Але дэпутаты проста прарвалі іхны хілы ланцужок і прыйшлі ды сталі непасрэдна перад вокнамі Аляксандра Лукашэнкі. Тады гэта яшчэ было магчыма».

На акцыю «Ланцуг неабыякавых» з партрэтамі зніклых людзей палітычная апазіцыя і перанятыя беларусы з таго дня выходзілі рэгулярна. У першыя гады пратэсты праходзілі ў нават у раённых цэнтрах. У 2005-ым годзе і пасля – пратэстоўцаў пачалі гвалтоўна выпіхваць з плошчаў. Справа зніклых, якую дзяржава не расследавала, паволі пачала губляцца і ў медыя прасторы.

Але сапраўднаю інфармацыйнаю бомбай стаўся рэпартаж DW «Убийства противников Лукашенко в Беларуси. Исповедь соучастника».

Загаварыў былы баец падраздзялення СОБР, званага «эскадронам смерці». Напісаў даты, імёны і паказаў месцы імаверных забойстваў. Юрый Гараўскі цвердзіў, што на загад падпалкоўніка Дзмітрыя Паўлічэнкі вясною і ўвосень 99 году ўдзельнічаў у выкраданнях і забойствах. Казаў, што страляў Паўлічэнка – асабіста.

Хоць Лукашэнка і назваў гэтыя сведчанні ўкідам і правакацыяй, следства па трох справах узнавілі, але…

«Мусілі таго ж Гараўскага дапытаць. Гэта тое што ляжыць на паверхні. Тое што ўлады гэтага не зрабілі, сведчыць пра тое што выканаўцы, арганізатары і замоўнікі гэтых злачынстваў знаходзяцца ў калідорах улады», – робіць выснову Анатоль Лябедзька.

Тым хто не ведаў ці забыўся, рэжым дэманструе крывавы твар на працягу апошняга года. Да галерэі партрэтаў, якія ён зрабіў чорна-белымі, дадалося яшчэ паўтара дзясяткі фотаздымкаў. А дзясяткі тысячаў асобаў – прайшлі праз палітычныя рэпрэсіі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»