Еўропа адказавае на газавы шантаж Крамля


Расейскі «Газпром» сныніў пастаўкі газу ў Латвію. Як паведамляе прэс-служба расейскага манапаліста, гэта звязана з парушэннем умоваў адбору газу. Рыга не пагадзілася з патрабаваннем Масквы купляць газ за расейскія рублі і працягвала набываць праз пасярэдніка за еўры. Латвія не адзіная краіна Еўразвязу, якая сутыкнулася з газавым шантажом Крамля. Як на гэта рэагуе Еўропа, і ці будуць мерзнуць еўрапейцы ўзімку?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Альбо адчыненыя дзверы – альбо ўключаны кандыцыянер. Такі загад далі крамам у Францыі. За парушэнне – штраф. Так улады заклікаюць ашчаджаць электрычнасць.

«Гэта важны выбар: альбо вы адчыняеце дзверы і выключаеце кандыцыянер, альбо робіце наадварот – уключаеце кандыцыянер, але зачыняеце дзверы, каб нам і кліентам было халаднавата. Але рабіць і тое і другое бессэнсоўна», – кажа менеджарка парфумнай крамы Мэліна Іхлеф.

Адмовіўся ад гальштуку сам і заклікаў міністраў, чыноўнікаў і офісных працаўнікоў. Так прэм’ер-міністр Іспаніі плануе скараціць карыстанне кандыцыянерамі, спажыванне электрычнасці і патрэбнага на яе выпрацоўванне газу.

«Я хачу, каб вы ўсе заўважылі, што я не нашу гальштук, гэта азначае, што мы ўсе можам зэканоміць з энергетычнага гледзішча», – перакананы старшыня ўраду Іспаніі Пэдра Санчэс.

Латвія на выпрацоўванне электрычнасці і ацяпленне летась закупіла ў Расеі амаль 90 % неабходнага абʼёму газу. Цалкам адмовіцца ад расейскага паліва краіна планавала з наступнага года. Аднак «Газпром» спыніў пастаўкі сёння, спаслаўшыся на парушэнні ўмоваў адбору газу.

«Латвія не захацела пераходзіць на разлікі за прыродны газ з Расеяй у рублях. Вы ведаеце, што выйшаў указ у Расейскай Федэрацыі, і ўсе недружалюбныя краіны павінны былі перайсці на аплату ў рублях. Латвія, як і большасць краінаў Еўразвязу, аднесеная да недружалюбных краінаў для Расеі», – тлумачыць дырэктар энергетычных праграм украінскага Цэнтру Разумкова Уладзімір Амельчанка.

Латвія не адзіная краіна Еўразвязу, якая сутыкнулася з шантажом Крамля.

«Расея мэтанакіравана спыніла пастаўкі, цалкам або часткова, 12 краінам – чальцам ЕЗ. Мы павінны рыхтавацца да большага скарачэння або нават поўнага спынення паставак расейскага газу», – заявіла старшыня Еўрапейскай Камісіі Урзуля Фон Дэр Ляен.

Расейскі газ – зброя ў руках Крамля, і гэта даўно зразумелі еўрапейскія палітыкі, бізнесоўцы і грамадзяне, кажа Уладзімір Амельчанка:

«Чым больш Расея закручвае вентыль, тым мацнейшая воля еўрапейскіх дзяржаваў пазбавіцца ад еўрапейскага газу і перайсці на аднаўляльныя крыніцы энергіі. Мы бачым адваротны эфект, не той, які хацеў бы атрымаць Крэмль».

У Бруселі ўсурʼёз абмяркоўвалі ўвядзенне штрафных тарыфаў на расейскі газ дзеля скарачэння «фінансавання расейскай вайсковай машыны». Ідэю адкінулі. Аднак цяпер Еўразвяз мае рашучы намер адмовіцца да канца года ад расейскай нафты і скараціць імпарт газу.

«Ён складаў 40 % да вайны, цяпер ён складае 20 %… Але ніхто не можа прасіць еўрапейскія эканомікі цалкам спыніць пастаўкі газу за адну ноч. Мы не можам ствараць цудаў», – падкрэсліў камісар у справах замежнай палітыкі і бяспекі краінаў Еўразвязу Жузэп Бурэль.

Энергетычная вайна Масквы супраць Еўразвязу ўжо прывяла да росту коштаў не толькі на энерганосьбіты. Інфляцыя ў Еўразвязе дасягнула рэкордных 8,6 адсотка. Аднак мерзнуць Еўропа не будзе. Еўрапейскія газасховішчы запоўненыя больш як на 67 адсоткаў. Да лістапада гэты паказнік плануецца давесці да 90 адсоткаў, што дазволіць спакойна перажыць восень і зімУ, хоць ацяпляць дамы зробіцца значна даражэй.

Антон Каменскі, «Белсат»