Расейскіх базаў у Беларусі не будзе, заявіў Лукашэнка. Ці гэта праўда?

Для абароны «саюзнай дзяржавы» Беларусь у кароткі прамежак часу гатовая паставіць пад ружжо 500 тысяч чалавек, а калі мала, то ўвесці на нашую тэрыторыю ўсе ўзброеныя сілы Расейскай Федэрацыі, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Але сёння ў гэтым няма неабходнасці? Ці з’явіцца яна пазней?

«Калі будзе мала, сюды будуць уведзеныя ўсе ўзброеныя сілы Расейскай Федэрацыі. Такога ніколі не будзе. Але калі трэба, мы разважаць не будзем», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пытанне пра размяшчэнне расейскіх базаў на тэрыторыі Беларусі на найвышэйшым узроўні не абмяркоўвалася, сцвярджае Лукашэнка.

Расейскі ваенны эксперт Павел Лузін перакананы ў адваротным: калі Лукашэнка пра гэта ўвесь час кажа, значыць, размовы пра базы вядуцца.

«Першы адрасат Лукашэнкі – гэта Уладзімір Пуцін, Савет бяспекі, урад Расеі. Няма, хлопцы, мы ўсё яшчэ настойваем на сваім, ніякай базы вашай у нас тут не будзе. У Беларусі ёсць свая эліта, і гэтая значная частка гэтай эліты не хоча і не гатовая класціся пад Маскву», – падкрэслівае Павел Лузін.

Цяпер залежнасць Беларусі ад Расеі дасягнула гістарычнага ўзроўню, і Лукашэнка змушаны супраціўляцца ціску Крамля, каб захаваць уладу, упэўнены палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

«Лукашэнка такімі заявамі шырокавяшчальнымі, сярод іншага, калі кажа, што на ўсё гатовы, але, праўда, нас не прасілі, – ён хоча рыторыкай змяніць рэальнасць. Расея надыходзіць, Расея гэтага патрабуе, а ён рэальна адбіваецца. Пры ўсім узроўні залежнасці ён хоча захаваць сваю ўладу», – адзначае Віталь Цыганкоў.

Афіцыйны Менск не звяртаўся да расейскіх уладаў у звязку з магчымасцю размясціць у Беларусі ўзброеныя сілы Расейскай Федэрацыі, паведаміў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў:

Ніякіх зваротаў на гэты конт ад Беларусі не было. Вы ведаеце, што гэта магчыма пасля афіцыйнага звароту кіраўніцтва адной краіны да кіраўніцтва іншай краіны. На гэты конт існуюць вызначаныя законам працэдуры, вызначаныя законам паўнамоцтвы. Якіх-небудзь зваротаў ад Беларусі на гэты конт не было».

У верасні на тэрыторыі Беларусі маюць адбыцца расейска-беларускія вучэнні «Захад-2021».

«У коле экспертаў, якія займаюцца бяспекай ці абаронай, можна пачуць галасы, якія датычацца таго, што «Захад-2021» будзе сігналам Расеі пра інтэграцыю ўзброеных сілаў Беларусі і Расеі. Заўсёды гэтыя вучэнні «Захад» мы разглядаем як элемент дэманстрацыі сілы Расейскай Федэрацыі і яе партнёраў», – распавядае эксперт у міжнароднай бяспецы з Польшчы Павэл Фляйшэр.

Тым часам для ўдзелу ў вучэннях у Беларусь ужо прыбылі першыя эшалоны з расейскімі вайскоўцамі.

Ігар Станкевіч,«Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама