Каму давяраюць беларусы?


Недзяржаўныя медыі, праваслаўная царква і незалежныя праваабарончыя арганізацыі. Гэтым інстытуцыям найбольш давяраюць жыхары нашае краіны вынікае з сацыялагічных даследаванняў, якія адмыслоўцы праводзілі праз інтэрнэт, а сёння ў Варшаве прэзентавалі іх вынікі.

Дзяржаўным медыям давярае 15 % беларусаў, цэнтрвыбаркаму – 14 %. Лукашэнку ж падтрымлівае адна чацвёртая частка насельніцтва. Гэткія лікі ў сацыялагічным даследаванні, у якім брала ўдзел тысяча гараджанаў з Беларусі праз інтэрнэт. Звесткі прыводзіць дырэктар беларускай ініцыятывы «Chatham House» Рыгор Астапеня:

«Можна прыхільнікаў Лукашэнкі падзяліць на дзве групы: з аднаго боку – гэта людзі, якія зацікаўленыя ў захаванні сістэмы, таму што яны фінансава, прафесійна залежаць ад сістэмы. Самы просты прыклад – гэта сілавікі. Другая група людзей, каторая падтрымлівае Лукашэнку – гэта людзі, якія проста вераць у дзяржаўную прапаганду».

У прапагандысцкіх жа медыях мы нічога не пачуем пра эканамічны крызіс, што паглыбляецца. Эканаміст Алесь Аляхновіч згадаў пра тры эканамічныя крызісы, якія Беларусь перажыла за апошнія 10 гадоў: у 2011-ым, 2014-ым і летась (яшчэ да пачатку пандэміі).

«Пасля палітычнага крызісу ёсць праграмы для развіцця эканомікі, для правядзення дэмакратызацыі, для рэформы сілавога апарату, рэформы судовай сістэмы. І падтрыманне міжнародных структураў на гэтыя рэформы. У тым ліку першы публічна абвешчаны ўнёсак на 3 мільярды еўраў для правядзення эканамічных рэформаў у першыя 2-3 гады. Гэта ў два з паловаю разы болей, чым тое, што Пуцін паабяцаў Лукашэнку ў верасні 20-га года», – дадае прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у эканамічных справах Алесь Аляхновіч.

«Калі мы паглядзім напрыклад на экспарт беларускіх тавараў за 4 месяцы (тая афіцыйная статыстыка якая знаходзіцца ў нашым распараджэнні) – рост экспарту менавіта ў ЕЗ склаў 135 %. Гэта дае падставу лічыць, што нават тыя санкцыі, якія будуць выкарыстоўваюцца ў гэтым годзе, сапраўды не дадуць агульнага эфекту на эканоміку», – падкрэслівае кіраўнік народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паводле Алеся Аляхновіча, праблемы ў эканоміцы Беларусі будуць назапашвацца, пакуль не залагодзіцца палітычны крызіс.

Каця Малей, «Белсат»