Чым прышчапіўся Пуцін?


3 гадзіны 42 хвіліны доўжылася «Жывая лінія з Уладзімірам Пуціным». Першымі былі пытанні пра каронавірус і вакцынацыю. Прэзідэнту Расеі не ўдалося ўхіліцца ад шчырых адказаў, хоць ён і спрабаваў гэта зрабіць:

«Я не думаю, што гэта так важна – паказаць відэа. А калі б рабілі прышчэпку не ў руку, а ў іншае месца – таксама трэба было б паказаць?»

У жывым эфіры Пуцін, нарэшце, распавёў, якую прышчэпку ён зрабіў. Гэта трымалі ў таямніцы тры месяцы.

«Я зыходзіў з таго, што мне трэба быць абароненым як мага даўжэй і пастанавіў для сябе прышчапіцца «Вектарам»… прышчапіцца «Спутнікам V».

«Спутнік V» зарэгістравалі ў Расеі яшчэ ў жніўні летась, але дагэтуль прышчапіліся толькі 15 адсоткаў насельніцтва. Пуцін прызнаўся, што 10 адсоткаў людзей з ягонага атачэння хварэлі пасля вакцынацыі:

«Я не падтрымліваю абавязковай вакцынацыі».

Ці паўплывалі кепскія навіны з Расеі, дзе смяротнасць б’е рэкорды, на беларусаў? Мы запыталіся ў жыхароў Віцебску, ці збіраюцца яны вакцынавацца:

«Буду! Я працую ў Расеі. Там забавязалі ўсіх!»

«Прышчэпку будзем рабіць абавязкова».

«У мяне муж памёр праз каронавірус. Таму ўсіх заклікаю: беларусы, нікога не слухайце і не глядзіце, рабіце як мага хутчэй, не заражайце нікога і сябе таксама».

Пераважная большасць адказала інакш:

«Не, пакуль не!»

«Не рызыкую»

«Паддоследным трусікам быць не хочацца».

У мностве краінаў свету тых, хто канчаткова не вызначыўся, улады спрабуюць заахвоціць: у Сербіі абяцаюць 25 еўраў за зробленую прышчэпку, у Тайландзе можна атрымаць карову, у Злучаных Штатах – удзел у латарэі з выйгрышам 1 мільён долараў. У Расеі спачатку прапаноўвалі за вакцынацыю марозіва, дзясятак яек, квіткі ў цырк. Цяпер стаўкі павысілі – разыгрываюць аўты і кватэры. У Беларусі ж міністр аховы здароўя паведаміў, што стымуляваць людзей вакцынавацца няма патрэбы.

«Калі я пастанавіла: не – значыць не!»

«Не, не, не».

«Мне здароўе даражэйшае».

«Мусіць быць пастанова абдуманая, а не зматываваная грашыма», – кажуць віцябляне.

Мы папрасілі Расціслава Савіцкага – доктара, рэаніматолага шпіталя хуткай дапамогі патлумачыць, чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца:

«Першы фактар – гэта недавер расейскага насельніцтва да сваёй вакцыны, што, безумоўна, паўплывала і на давер беларусаў да гэтай вакцыны. І другое – той факт, што ў нас няма разнастайнасці: нам даюць толькі адную вакцыну і не прапаноўваюць іншых, што зусім не лагічна».

За паўгоддзе вакцынацыі ў Беларусі прышчапілі толькі 6 адсоткаў насельніцтва. Міністэрства аховы здароўя не падае звестак колькасці вакцынаваных за содні. Затое вядома з афіцыйных звестак, што колькасць інфікаваных каронавірусам у параўнанні з учорашнім днём амаль удвая большая.

Вольга Старасціна, «Белсат»