Спыніць палітычны тэрор!

Апазіцыйныя партыі і незалежныя прафсаюзы Беларусі заклікалі ўлады «спыніць палітычны тэрор». Яны выказалі супольны пратэст супраць незаконнага арышту на 15 содняў старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука ды запатрабавалі неадкладнага вызвалення яго ды іншых арыштаваных з палітычных матываў.

5 гадоў агульнага рэжыму за гвалт у дачыненні васьмі амапаўцаў і крадзеж траўматычнага пісталету падчас маршу 13 верасня. Суддзя Савецкага раёну Менску Аляксандр Якунчухін прызнаў вінаватым Уладзіміра Жыхара. Асуджаны мусіць выплаціць сілавікам 9 тысяч рублёў маральнай кампенсацыі. Віны Уладзімір Жыхар не прызнаў.

«Мой бацька – збольшага герой нашага часу. Яму медаль трэба даваць, а не судзіць яго і засоўваць за краты», – упэўнены сын асуджанага Руслан Жыхар.

Два гады абмежавання волі запатрабаваў абвінаваўца для 18-гадовага Мацвея Будніцкага. Маладзёна вінавацяць, што 4 кастрычніка ён блакаваў дарогу і не падпарадкоўваўся сілавікам. Прысуд Мацвею абвесцяць 3 траўня.

«Паводле гэтага артыкулу і за гэта судзіць можна кожнага. Там былі зусім чужыя людзі. Так, я згодная. Гэта малады хлапец, ён аступіўся. Ён лёг на праезную частку. Але ён гэта зрабіў не дзеля таго, каб перашкодзіць дарожнаму руху, а каб зрабіць фотаздымак», – лічыць Анастасія Рамановіч, якая прыйшла ў суд, каб падтрымаць Мацвея Будніцкага.

Партызанскі РУУС Менску распачаў крымінальную справу супраць 26-гадовай настаўніцы музыкі за публікацыю ў Twitter змененага кавалку дзяржаўнага гімну. Дзяўчыне пагражае да аднаго года абмежаванне волі.

Тым часам ахвяры рэжыму працягваюць скардзіцца на невыносныя ўмовы ўтрымання ў турмах. Пра жахлівыя ўмовы свайму сыну падчас сустрэчы распавяла палітзняволеная Вольга Маёрава.

«Сустрэча доўжылася хвілінаў з 15. Сказана было толькі аб пагаршэнні самаадчування. Была скарга на камеру, дзе паляць. І на вельмі моцны ацёк лёгкіх у выніку ковіду і ў выніку курэння ў камеры», – распавядае сын палітзняволенай Сяргей Зіямаў.

А пракуратура Менску адказала на скаргі лідараў апазіцыйных партыяў Ігара Барысава і Мікалая Казлова. Яны скардзіліся, што камеры ў ізалятары на Акрэсціна заліваюць хлёркаю, гэта адбіваецца на здароўі зняволеных і парушае іхныя правы. Паводле пракуратуры, пацярпелыя проста не разумеюць правілаў утрымання. Таму падставаў для пракурорскага рэагавання няма.

Ігар Станкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама