Прысуд у «Пінскай справе»

Абвінавачванні наступныя: «Кідалі кветкі, дошкі, палкі, білі па шчытах сілавікоў». У судзе Маскоўскага раёну Берасця агучылі вырак чатырнаццаці фігурантам «пінскай справы». За ўдзел у гэтак званых масавых беспарадках пінчукі атрымалі ад пяці з паловаю да шасці з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. На абвяшчэнне выраку традыцыйна не пусцілі незалежных журналістаў і частку ахвотных.

«Гэта выключна кара і расправа, гэта не мае ніякага дачынення да правасуддзя. Асудзіць за кінутую кветку, асудзіць за кінутую жменю зямлі на тэрміны шэсць гадоў – гэта проста бесчалавечна», – кажа праваабаронца з Пінску Вераніка Іванова.

Летась пасля прэзідэнцкіх выбараў у Пінску адбыліся жорсткія сутыкненні паміж пратэстоўцамі і сілавікамі. 9 жніўня людзі сабраліся ля будынку выканкаму і пачалі патрабаваць сумленнага падліку галасоў. Замест чыноўнікаў да пінчанаў выйшлі сілавікі і пачалі ачапляць іх. Вінаватымі ў выніку зрабілі тых, хто хацеў выканання закону.

«Я думала хоць адзін раз у жыцці ў 2020 годзе будуць сумленныя выбары, я не падумала, што можа быць нейкая фальсіфікацыя, я думала – нарэшце справядлівасць пераможа, але сталася як заўсёды – 26 гадоў мы цярпім гэты рэжым», – лічыць маці асуджанага Ігара Салаўя Марыя Салавей.

Сваякі асуджаных лічаць, што пратэстоўцы не ўчынілі сілавікам ніякай шкоды. Але гэта нават не змякчыла прысуду нікому з іх. 19-гадовы Алег Рубец, паводле ягонае мачахі, заўсёды быў за праўду. За праўду і пакараны пяццю з паловаю гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Кінуў жменю зямлі пасля таго, як убачыў, што пачалі збіваць людзей, убачыў акрываўленага чалавека, дапамог яму ўзняцца з зямлі. І гэта яго вельмі ўразіла, і ён на эмоцыях кінуў у працаўнікоў міліцыі жменю зямлі, якая не даляцела да строю», – дзеліцца мачаха асуджанага Алега Рубца Таццяна Собалева.

Пацярпелымі ў пінскай справе праходзяць 109 міліцыянтаў і чыноўнікаў. Суд абавязаў абвінавачваных сплаціць каля 24 тысяч рублёў на карысць арганізацыяў і прадпрыемстваў. З іх амаль 19 тысячаў – міліцыі. І яшчэ каля 150 тысяч рублёў кампенсацыі маральнае шкоды спагнаць на карысць 93 пацярпелых.

«Адзін жыхар гораду Пінску даваў інтэрв‘ю пра тое, што была пацярпелая міліцыя з пераломамі хрыбетнікаў, выслухалі мы сто з нечым пацярпелых і не пачулі мы не тое, што пераломанага хрыбетніка, нават траўмы спіны ні ад каго не было. Дзеля чаго гэта было сказана? Напэўна, каб іх пашкадавалі», – абураецца бацька асуджанага Алега Рубца Віктар Рубец.

Свае маральныя пакуты пінскія міліцыянты абгрунтавалі тым, што яны, цытата, «адчулі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі яны страцілі сон, спакой і апетыт». У адказ на гэта жыхары Пінску стварылі петыцыю за пераатэстацыю працаўнікоў міліцыі, якія праходзяць пацярпелымі ў пінскай справе. У пераатэстацыі адмовілі.

«Магчыма яны былі недастаткова падрыхтаваныя да тых падзеяў, калі яны перажылі такі стрэс. Сёння працаўнікі самыя кажуць, што ад іх адвярнуліся ўсе блізкія і родныя, і я, як пінчанка, магу гэта пацвердзіць», – каментуе праваабаронца Вераніка Іванова.

У выніку самой крымінальнай справы супраць жыхароў Пінску і такіх жорсткіх прысудаў раз‘яднаныя шмат якія сем’і. Наступныя 5-6 гадоў няпоўнагадовыя дзеці будуць расці ў прытулках або ў няпоўных сем’ях. Усіх чатырнаццаць фігурантаў пінскае справы прызналі палітзняволенымі.

Ірына Карніенка, «Белсат»

Глядзі таксама