Еўропа засталася без расейскага газу


Польшча перастала купляць газ праз заходні адрэзак газаправода «Ямал-Еўропа». Нямеччына рыхтуецца да рэзкага спынення паставак расейскага газу. Уладзімір Пуцін даў даручэнне перавесці аплату за газ з краінамі Еўразвязу на расейскія рублі. Ці пагодзяцца на гэта заходнія энергетычныя канцэрны? Ці выжыве Еўразвяз без расейскага газу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ціск у газаправодзе «Ямал-Еўропа» на мяжы Польшчы і Нямеччыны ўпаў да нуля – паведаміла агенцтва Reuters. З 15 сакавіка заходні адрэзак газаправода працаваў у рэверсавым рэжыме. Расейскі газ па ім ужо не перапампоўвалі ў Заходнюю Еўропу, а пастаўлялі ў Польшчу. Цяпер жа пастаўкі спыніліся.

«Газ з Нямеччыны польскія фірмы куплялі на біржы. У халодны перыяд студзеня-лютага Польшча купляла яго на Захадзе. Зараз патрэбы ў паліве зменшыліся з прычыны цёплага надвор’я. Кантракт з «Газпромам» прадугледжвае, што мы павінныя купляць мінімальныя абʼёмы газу, і нам па-ранейшаму пастаўляюць яго з беларускага напрамку», – патлумачыў рэдактар ​​парталу BIZNESALERT.PL Марыюш Маршалкоўскі.

5 гадоў таму Польшча пачала купляць звадкаваны газ у Катары і ЗША. Праз год ад расейскага газу краіна адмовіцца цалкам, і «Ямал-Еўропа» страціць сваё транзітнае значэнне.

Сёння расейскі газ экспартуецца ў Еўропу пераважна па двух іншых газаправодах: «Паўночным патоку», які ідзе па дне Балтыкі, а таксама па па «Дружбе», якая праходзіць праз Украіну. Пастаўкі па ёй не спыніла нават вайна.

На Расею прыпадае 40 адсоткаў газавага імпарту Еўразвязу. Пасля пачатку расейска-ўкраінскай вайны намеснік старшыні Еўракамісіі Франц Цімерманс паабяцаў скараціць спажыванне нафты і газу з Расеі ўтрая.

«Будуць патрэбныя інвестыцыі ў інфраструктуру, якія дорага каштуюць і зоймуць пэўны час. Самым значным выклікам застаецца павелічэння здабычы газу. Але тэхнічныя магчымасці радыкальнага абмежавання паставак газу з Расеі існуюць», – упэўнены Марыюш Маршалкоўскі.

Летась Расея паставіла ў краіны Еўразвязу 155 мільярдаў кубаметраў газу. Чым яго замяніць? 60 мільярдаў могуць быць замененыя пастаўкамі звадкаванага газу з ЗША і Катару – заявіла Еўракамісія. 20 мільярдаў – новыя ветравыя і сонечныя электрастанцыі. 35 мільярдаў кубаметраў можна ашчадзіць, паменшыўшы тэмпературу ў дамах на 1 градус. Паставіць больш паліва ў Еўразвяз сёлета паабяцала Нарвегія. Надзеі ўскладаюць і на азербайджанскі газ. Нямецкі ўрад таксама намераны падоўжыць тэрмін службы вугальных і атамных электрастанцыяў.

«Калі Расея спыніць пастаўкі газу і нафты, чаго, яшчэ раз падкрэсліваю, яна яшчэ не зрабіла, – то мы дамо рады. Мы падрыхтаваліся. Мы стварылі неабходныя юрыдычныя працэдуры, мы падрыхтавалі наш персанал, мы падрыхтаваліся на палітычным узроўні. Але відавочна, што наступствамі магчымага спынення паставак стануць высокія цэны ці пэўныя абмежаванні для спажыўцоў», – прагназуе міністр эканомікі Нямеччыны Робэрт Габэк.

Уладзімір Пуцін загадаў перавесці на расейскія рублі разлікі за газ з краінамі, якія ўвялі супраць Расеі санкцыі. На думку Марыюша Маршалкоўскага, такім чынам Масква спрабуе стварыць попыт на расейскі рубель і ўмацаваць яго курс. Прадстаўнікі Еўракамісіі, а таксама краіны Вялікай сямёркі ўжо заявілі, што заклічуць энергетычныя канцэрны не купляць рублі, бо на Цэнтрабанк Расеі накладзеныя санкцыі. Ці прыслухаюцца да гэтага закліку?

«Можна купляць не ў Цэнтральнага банку, можна купіць рублі ў кітайскага Цэнтральнага банку. Ёсць шэраг кітайскіх банкаў, дзе можна адкрыць рублёвы рахунак. Спосаб, як знайсці рублі, знайсці не так складана», – мяркуе эканамічны аглядальнік Максім Блант.

Пуцін цалкам можа спыніць пастаўкі газу ў Еўропу – дапускае эканамічны аглядальнік. Пры гэтым у Еўразвяз Расея прадае тры чвэрці свайго газу. Газаправодаў, каб перанакіраваць паліва ў іншыя краіны, проста не існуе.

Аляксандр Папко, «Белсат»