Дзіця выратавалася з Марыупалю: «Па нас стралялі расейскія вайскоўцы»


Паветраная трывога практычна па ўсёй Украіне, жорсткія абстрэлы на Данеччыне, канцэнтраванне сілаў акупантаў ля Чарнобыльскай вобласці. Гэтак адзначылася ноч пасля перамоваў у Стамбуле, якія нібыта давалі спадзеў на гамаванне расейскай агрэсіі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Кропкі «У», БТР-ы і Камазы з лацінскай літарай «V». У Беларусі паміж Рэчыцай і Гомлем зранку заўважылі калону расейскай тэхнікі. Генштаб узброеных сілаў Украіны сцвярджае – вораг накоплівае сілы ў раёне Чарнобыльскай АЭС.

«Уладкоўвацца ў раёне ЧАЭС – гэта лагічна. Ніхто яе не будзе абстрэльваць з нейкіх цяжкіх узбраенняў», – зазначае Кірыл Міхайлаў з Conflict Intelligence Team.

Разам з тым, агрэсар імаверна часова адмовіўся ад блакавання Кіева, але не ад спробаў яго захапіць, гавораць у Генштабе ЗСУ.

«У Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцях расейцы нічога практычна не дабіліся, то для іх сысці нават лепей, таму што яны прыгожа тлумачаць, што мы сыходзім не таму, што прайгралі, а таму што вось дамова», – каментуе аналітык Ілля Куса з Украінскага цэнтру будучыні.

Аднак на Чарнігаўшчыне агрэсары актыўнасці не зменшылі: усю ноч абстрэльвалі Чарнігаў і Ніжын, 1 чалавек забіты, 6 траўмаваныя.

Паветраная трывога неаднаразова абвяшчалася практычна па тэрыторыі ўсёй дзяржавы. ІТ-адмыслоўцы стварылі сэрвіс, які паказвае, колькі гадзінаў за мінулыя содні людзі былі вымушаныя спускацца ў бамбасховішчы.

Сярод сумных лідараў – Палтаўшчына, а таксама блізкія да Беларусі Кіеў з вобласцю і Жытоміршчына – каля 5 гадзінаў!

«Можна назваць пазітыўнымі тыя сігналы, якія мы чуем з перамоўнае пляцоўкі, але гэтыя сігналы не заглушаць разрывы расейскіх снарадаў», – зазначыў у звароце прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

На Данеччыне вораг абстраляў практычна ўсе мясцовасці ля лініі размежавання, распавёў «Белсату» старшыня Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка:

«Абстрэлы былі не толькі з цяжкай артылерыі, але прымянялася авіяцыя, былі авіяўдары. На дадзены момант сітуацыя застаецца напружанай, застаюцца прыкметы эскалацыі».

На Луганшчыне ад абстрэлаў загінула 2 чалавек, у Лісічанску паранілі сям’ю, ампутацыя ног пагражае двухгадоваму і васьмігадоваму дзіцяці.

ААН афіцыйна паведамляе: Лічба ўцекачоў з Украіны, дасягнула ўжо 4 мільёнаў чалавек, амаль палова з іх – дзеці. Запарожскім шпіталі прыходзяць у прытомнасць параненыя, якім цудам удалося вырвацца з акружанага акупантамі Марыупалю.

«Мы пачалі заязджаць у Васільеўку, і там у нас пачалі страляць расейскія вайскоўцы. Я памятаю, згубіўшы свядомасць, звон у вушах, цемра, потым расплюшчваю вочы, калі мяне мама трымае на руках, кладзе на зямлю, пачынае крычаць, клікаць па дапамогу», – распавяла 11-гадовая Мілена.

«Адна ракета паляцела ў суседскі дом, суседу, і хваляй зачапіла маіх. А мяне… асколкамі было іх зачапіла. А мяне – шклом. Нос разарвала», – сведчыць 11-гадовы ўцякач з Марыупалю Аляксандр.

Сёння ў вызваленым Ірпіні, што пад Кіевам, падлічылі колькасць загінулых украінцаў – да 300 цывільных і да 50 вайскоўцаў. Паводле мэра Аляксандра Маркушына, расейскія акупанты здзекаваліся з целаў забітых:

«Танкамі яны нашых украінцаў, якія ўжо былі забітыя, раздаўлівалі, проста закатвалі ў асфальт».

Удзел у вызваленні Ірпіню бралі і беларусы. Тры дні таму ў баі за горад загінуў баец батальёну Кастуся Каліноўскага Зміцер

Апанасовіч, раней у баях у ваколіцах гораду загінулі беларусы Аляксей Скобля і Ілля Хрэнаў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»