Улады распачалі «вайну» з інтэрнэтам


Цяпер у Беларусі будуць блакаваць ня толькі інтэрнэт-старонкі, але і іхныя копіі, гэтак званыя люстэркі. І блакаваць іх будуць аператыўна, нават цягам аднаго дня. Для гэтага дастаткова будзе паведамлення ў Дзяржаўную інспекцыю электрасувязі ад Міністэрства інфармацыі. Адпаведныя змены набываюць моц сёння, пасля публікацыі на Нацыянальным прававым партале.

«Гэты новы закон, які выходзіць, выключна змяняе час, за які будзе заблакаваны рэсурс. Калі раней гэта былі тры дні, то цяпер за дзень заблакуюць копію – так званае люстэрка – ужо заблакаванага сайту», – кажа Вольга Ярохіна, кіраўніца Web-рэдакцыі «Белсату».

Пасля выбараў у жніўні мінулага года ўлады абмежавалі доступ да прыблізна 70-ці інтэрнэт-рэсурсаў. Карыстальнікі не маглі трапіць у тым ліку на старонку нашага тэлеканалу «Belsat.eu», праекту «Вось так», сайтаў «Naviny.by», «Еўрарадыё», радыё «Свабода», старонку платформы «Голас», спартовы партал «Tribuna.com».

Большасць сайтаў працягнулі працу праз копіі, гэтак званыя люстэркі, але і гэта працавала не заўсёды. Гэтак, сайт «Kyky.org» стаў першым, чыё люстэрка Міністэрства інфармацыі таксама заблакавала.

«Адразу ж мы перайшлі на дамен «Куку.медыя». Паводле досведу калег, менавіта гэты дамен стаў папулярны. І праз некалькі дзён нас заблакавалі зноў. Таму мы пачалі набываць ненармальныя дамены», – распавядае Саша Раманава рэдактарка KYKY.ORG.

Агулам рэдакцыя «Куку» змяніла 8 даменаў за апошнія паўгода.

Блакаванне сайтаў – толькі частка маштабнай атакі ўладаў на свабоду слова ў інтэрнэце. Асобнаю мішэнню сталіся тэлеграм-каналы. Частку, напрыклад, каналы блогера Антона Матолькі і Сцяпана Пуцілы, прызналі экстрэмісцкімі, а на адміністратараў лакальных дваравых чатаў і суполак няспынна палююць работнікі ГУБАЗіКу.

Аднак, нягледзячы на спробы ўладаў цалкам зачысціць інтэрнэт-прастору, спосабы дабрацца да аб’ектыўнай інфармацыі існуюць.

«Старонку, заблакаваную на тэрыторыі Беларусі, як, напрыклад «Белсат», можна адкрыць праз VPN. Гэта цяжэй, але мы бачым са статыстыкі, што людзі пачалі гэтым карыстацца», – кажа Вольга Ярохіна.

Таксама вы можаце падпісацца на любімыя медыі ў сацыяльных сетках і ўсталяваць адмысловыя дадаткі. Напрыклад, «Белсат News» для мабільных тэлефонаў і «Белсат Смарт» для «Smart TV».

Алесь Баразенка, «Белсат»