У Менску адкрылася выстава, прысвечаная медыкам


«Машына дыхае, а я – не» – назваю выставы стала фраза чалавека, падключанага да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх. Такія пацыенты не могуць размаўляць – толькі пішуць маленькія цыдулкі. Расейская фатографка Галіна Краснапёрава зрабіла з іх уражвальны праект. А для арганізатараў выставы гэтыя словы – метафара беларускай сітуацыі.

«Як людзям, якія ляжаць на ШВЛ, цяжка дыхаць, гэтак і нам цяжка дыхаць у цяперашніх палітычных рэаліях», – тлумачыць намесніца старшыні грамадскага аб’яднання «Звяно» Наталля Трэніна.

Грамадскае аб’яднанне «Звяно» і мастацкая платформа «SHKLO» задумалі выставу яшчэ ў верасні мінулага года на хвалі салідарнасці з медыкамі. Пяць мастацкіх і дакументальных праектаў распавядаюць пра выклікі, з якімі сутыкнуліся беларускія дактары. Гэта і барацьба з каронавірусам ва ўмовах замоўчвання праўды, і беспрэцэдэнтны гвалт сілавікоў падчас жнівеньскіх падзеяў.

«Літаральна медыкаў прымусілі выбіраць: альбо яны «благонадёжные», альбо яны ратуюць жыцці», – кажа Наталля Трэніна.

Серыя «Гісторыі лекараў» мастачкі Машы Святагор і журналісткі Веранікі Лазарэвіч паказвае герояў па-за бальнічнымі сценамі. У хірурга Дзмітрыя Маркелава пераслед зазнала ўся сям’я: за кратамі апынуўся ён сам, судзілі ягоных жонку, сына і дачку.

«Медыкі выходзілі ў ланцугі, медыкі выходзілі на маршы, выходзілі да сваіх больніц. Але гэта не значыць, што яны займаліся нейкай палітыкай, яны адстойвалі сваё простае права звацца людзьмі. Асабіста я адседзеў на Акрэсціна, быў у Жодзіне, захварэў там на Covid-19», – распавядае хірург Дзмітрый Маркелаў.

«Я стала адною з гераінь гэтага праекту, бо я была адною з першых выкладчыц медуніверсітэту, якіх звольнілі за грамадзянскую пазіцыю. Спачатку я знялася ў відэазвароце выкладчыкаў медуніверсітэту супраць гвалту, а потым я выступіла на рэктараце ў абарону студэнтаў, і мяне папрасілі звольніцца», – кажа медык і былая выкладчыца Юлія Матусевіч.

Экспанаваны і адзіны ў Беларусі фотарэпартаж з гэтак званай бруднай зоны. Фатографу «Тут.бай» Алесю Пілецкаму ўдалося паздымаць працу медыкаў у віцебскім шпіталі ў самым пачатку пандэміі каронавіруса.

«І адзін з самых важных фотаздымкаў – вось гэты: ляжыць жанчына, з этычных мэтаў твары нельга здымаць. Доктар заўважыла жэстыкуляцыю на яе руцэ і падышла размяць руку. Я бачу тут анёла, які падае руку, бо тое, як гэтая доктар размаўляе з хворымі, – не кожная маці так размаўляе», – згадвае фатограф Алесь Пілецкі.

Уваход на выставу, што працягнецца ў прасторы «Месца» да 17-га красавіка, вольны. Апроч экспазіцыі, можна наведаць паказы фільмаў, а таксама онлайн- і офлайн-дыскусіі, у якіх дактары падзеляцца прафесійнымі міфамі і распавядуць пра актуальную сёння дылему паміж клятваю Гіпакрата і грамадзянскаю пазіцыяй.

Аляксандра Дорская, «Белсат»