«Той злачынца, хто проста па вуліцы ішоў». Хроніка судовага пераследу 30 сакавіка


Тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму – вырак ад суддзі Настассі Ляйкоўскай у дачыненні шматдзетнага бацькі Віктара Сядова. Палітычны вязень нібыта ўзводзіў барыкады і кідаў камяні на дарогу. Віну Віктар прызнаў часткова.

«Я думаю, што ён раскайваецца і пераймаецца за тое, што сям‘я цяпер без яго засталася. Мы будзем старацца дапамагаць адно аднаму», – кажа брат Віктара Сядова Міхаіл.

«У яго тромбафлебіт венаў. Рабілі некалькі разоў аперацыю. Прычым трэба працягваць лячэнне, інакш здараецца адкрыццё трафічнай язвы галёнкі. Гэта вельмі небяспечна, бо крывацёк спыніць трэба адразу ў гэтым выпадку», – распавядае жонка Віктара Лілія.

Таксама сёння адбылося паседжанне ў крымінальнай справе супраць менчукоў Яўгена Бароўскага, Аляксея Драба, Уладзіміра Кацкеля і Івана Зянька. Усіх вінавацяць у гвалце супраць міліцыянтаў. Пацярпелыя – сямёра амапаўцаў. Пракурор запатрабаваў для Зянька, Драбы і Кацкеля па 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, для Бароўскага – 4 гады.

«Апраўдвацца перад судом ён не хацеў. І сёння сказаў, што нават калі тыя людзі, якія здзейснілі той учынак, яны здзейснілі добры ўчынак. Яны ўсё ж такі ўратавалі чалавека ад дзеянняў нашых праваахоўных органаў», – распавядае сястра Івана Зянька Ларыса.

Другі раз суд Савецкага раёну Менску пераносіць разгляд крымінальнай справы палітычнага вязня Кірыла Паўлаўца. Бацьку дваіх дзяцей вінавацяць у закліку альбо актыўным удзеле ў пратэстах. У першым эпізодзе – за фота з плакатам – Кірыл віну прызнаў, за нібыта перакрыццё дарог – адмовіў. На паседжанне не з’явіўся сведка, таму разгляд справы перанеслі на 2-га красавіка.

«Беззаконне поўнае. Гэта ненармальна ўвогуле. Чаму сведка не з’яўляецца? Ну знайдзіце, пад канвоем яго прывядзіце. Так атрымліваецца, той злачынца, хто проста па вуліцы ішоў, а той, што ад суда ўцякае, гэта не злачынца?», – кажа жонка Кірыла Паўлаўца Таццяна.

35 содняў на траіх прысудзіў сёння суддзя Уладзімір Царыкаў віцяблянам, затрыманым у Дзень Волі каля помніку Альгерду. У аднаго з іх – Аляксандра Вента – на шыі быў бел-чырвона-белы шалік, на куртцы – бел-чырвона-белы значок, а ў руках – падарункавы пакет з нацыянальным сцягам.

«Шалік мне падарылі, калі была выбарчая кампанія Аляксандра Мілінкевіча. Гэта тады мне падарылі, а сцяг у мяне даўно, гадоў, можа, ужо 25», – кажа Аляксандр Вент, які атрымаў 13 содняў арышту.

«Каля помніку было пуста. Хадзілі міліцыянты патрульна-паставой службы. І ў прынцыпе, калі б там была нейкая шыльдачка, нейкая забарона стаяць каля помніку, мы б каля помніку і не апынуліся», – распавядае Кастусь Смолікаў, які атрымаў 12 содняў арышту.

Сёння ж чацвярых гарадзенцаў асудзілі ў гэтак званай справе галактыкі. За нібыта гвалт супраць міліцыянтаў Міхаіл Юдзін атрымаў 4 гады калоніі агульнага рэжыму, Вадзім Хіжнякоў і Міхаіл Ефімовіч – па два з паловаю гады. Андрэя Севяртоку, акрамя 364-га артыкулу, асудзілі яшчэ і за ўцёк з-пад варты. Ён атрымаў пяць з паловаю гадоў калоніі строгага рэжыму.

А ў Берасці за выраб і павешанне пудзіла Лукашэнкі палітычным вязням Вользе Завадскай і Юліі Бодак запрасілі па 3 гады «хатняй хіміі». Трэцяму фігуранту крымінальнай справы, Андрэю Коласу, – 3 гады калоніі-пасялення.

Надзея Бельская, «Белсат»