Новы зліў «ByPol» – міліцыянты абураюцца жорсткасцю АМАП


У чарговым зліве ініцыятывы былых сілавікоў «ByPol», як мяркуюць, кіраўнік наркакантролю Менску Аляксандр Сазонаў абмяркоўвае на нарадзе паводзіны пратэстоўцаў і не толькі. Працаўнікі галоўнага ўпраўлення сталіцы абмеркавалі і непрафесіяналізм АМАПу.

«З вышуку гэтак бы не білі, так? З НАН так бы не білі, у нас не дэбілы, ну, мы не ўмеем так біць. А АМАП ведае, як затрымліваць, правільна? Вы ж заўсёды бераце АМАП, калі на затрыманне. Як яны працуюць?» – запытвае калегаў кіраўнік упраўлення наркакантролю ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Сазонаў.

«Ніяк ён не ўмее працаваць. Мы ўсё жыццё бралі «Алмаз», вось яны ўмеюць працаваць. А АМАП – толькі падысці, ударыць у спіну з нагі і паржаць, усё», – адказвае яму адзін з супрацоўнікаў.

«Канечне, пэўныя прафесійныя структуры і прафесійныя людзі былі, скажам, заплямленыя дадзенымі загадамі, якія яны выконвалі», – лічыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

У зліве можна заўважыць нават прыязнае стаўленне некаторых міліцыянтаў да мірных пратэстоўцаў і абурэнне ґвалтам.

«Таварыш палкоўнік, секунду. Іх больш. Іх больш! Яны – дзяржава, іх больш!» – кажа супрацоўнік ГУУС.

«Яны выконваюць усё, што ім скажуць. Яны могуць потым быць гэтым незадаволеныя. Іранічна ці нават абурана пра гэта выказвацца, але выконваюць. Тыя людзі, якія вырашылі гэтыя не заўсёды законныя загады не выконваць, ужо даўно сышлі. Якія б ні былі настроі, якія будуць пранікаць у нашыя чарговыя злівы, мы будзем гэта ўсё слухаць. Трэба разумець, што настроі – адно, а практычныя дзеянні – іншае», – ацэньвае настроі ў праваахоўных органах Віталь Цыганкоў.

Гэтак, заведзеная крымінальная справа не спыняе працы ініцыятывы. Учора Святлану Ціханоўскую і «ByPol» абвінавацілі ў рыхтаванні тэрактаў, якія нібыта перадухілілі ў Дзень Волі. Ці вераць гэтаму жыхары Менску?

«Гэта апошнія сутаргі нашай дзяржавы».

«Я думаю, што хочуць у чымсьці яе абвінаваціць, каб паказаць яе ў дрэнным святле».

«Я не веру. Хацелася б больш доказаў пабачыць, прачытаць».

«Ну, канечне, не яна, а ейныя кіраўнікі».

Ці будзе працяг ціску ўладаў на апазіцыю праз абвінавачванне ў экстрэмізме?

«Пакуль гвалтоўныя дзеянні з боку так званых праваахоўных органаў толькі нарастаюць. Але яны не разумеюць, што нават калі па адной пушынцы кідаць на хрыбет вярблюда, то ён урэшце зламаецца. І скончыцца ўсё тым, што яны не толькі не знойдуць сапраўдных тэрарыстаў, як цяпер не змаглі іх знайсці, але яны не знойдуць у сваіх шэрагах ахвотных працягваць нагнятанне гэтага гвалту, і ўрэшце іхныя ўласныя таварышы паўстануць супраць іх», – лічыць былы кіраўнік галоўнага дзяржаўнага прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Пласкавіцкі.

Яшчэ адна спроба ціску на «ByPol» – абяцанне дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Аляксандра Вальфовіча апублікаваць спіс былых сілавікоў.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»