Як палякі ставяцца да мігрантаў з Беларусі?


Беларусы, якія трапілі пад пераслед і пакінулі краіну, вернуцца пры першай магчымасці. ІТ-бізнесу больш да спадобы Украіна ды Латвія, а рэпрэсаванаму насельніцтву – Польшча ды Літва. Адмыслоўцы з Цэнтру Польска-Расейскага дыялогу і ўзаемаразумення высветлілі, як палякі ставяцца да мігрантаў з усходу.

«Ты не нужен», «ты лишний» – чуюць беларусы, якіх хапаюць з сімволікаю ці то на вуліцы, ці то ва ўласных кватэрах.

Тыя, каму ўдалося ўцячы ад рэпрэсіяў за мяжу, і там задаюць сабе пытанне – ці патрэбен я тут?

Камера «Белсату» сустрэла такую асобу на варшаўскай вуліцы. Гамельчук Сяргей Ландар радзіму пакінуў два месяцы таму – пасля шпіталізацыі, содняў і страты сябра:

«Майго сябра забілі за тое, што ён ехаў у машыне з дзяўчынаю з кветкамі. Проста ехаў з дзяўчынаю. Яго закінулі ў аўтазак, збілі і ён памёр».

Гэта пра Аляксандра Віхора, які быў другою сёлета ахвяраю міліцэйскага бязмежжа. На пахаванні ягоная маці прасіла ў людзей дапамогі ў пошуку катаў ейнага сына.

Лік гісторыяў з забойствамі, калецтвам, зняволеннем і здзекамі, звальненнямі – ідзе на дзясяткі тысячаў. Асобы, якім у Беларусі пагражае крымінальны пераслед, часам паспяваюць уцячы: найчасцей ва Украіну, Латвію, Літву, Польшчу.

У Варшаве моцна асудзілі дзеянні рэжыму і падтрымалі дэмакратычную супольнасць Беларусі. Натхнёны выбухам супраціву беларусаў пасля сфальсіфікаваных выбараў Цэнтр Польска-Расейскага дыялогу і ўзаемаразумення арганізаваў даследаванне «Палякі аб усходнееўрапейскай палітыцы», вынікі якога аказаліся нечакана пазітыўнымі асабліва для беларусаў. Дырэктар цэнтру – Эрнэст Выцішкевіч, кажа:

«Для палякаў важна каб Беларусь змагла зрабіцца цалкам незалежнаю дзяржаваю і яе народ мог выказаць сваю палітычную волю. Аказалася, што па-за прагматычнымі мэтамі, як гаспадарчая супраца і клопат пра польскую гістарычную спадчыну, з’явіўся такі элемент як клопат пра іншых».

Менш ці больш уважліва за інфармацыяй на тэму пратэстаў у Беларусі сочаць 89 %. 77 % апытаных маюць пазітыўныя ўражанні ад зносінаў з беларусамі і толькі 4 % камунікаваннем не задаволеныя. Агулам 62 % рэспандэнтаў заявілі, што ня гледзячы на звязаную з Ковід-19 цяжкую бюджэтную сітуацыю варта дапамагаць фінансава ахвярам палітычнага пераследу.

Жыхары Варшавы пацвярджаюць:

«Вядома, што Польшча не такая заможная як Нямеччына і Францыя, але не блакуем межаў, значыць можам дапамагчы».

«Нам таксама некалі дапамаглі з Захаду. Мусім адкрывацца, шанаваць, падтрымліваць, ставіцца як да саміх сябе».

Рынак працы для ўцекачоў – з адпаведным статусам ці ў яго чаканні – адкрыты. Сетка валанцёрскай дапамогі з уладкаваннем – развіваецца і ў Польшчы, і ў Літве. Прэсавая сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна кажа:

«У Літве гуманітарная віза, выдадзеная беларусу на год, дазваляе працаваць. Другая справа, што гэта не так проста ў сітуацыі, калі ў краіне локдаўн праз Ковід-19, які падоўжылі да сакавіка».

Часова без працы ў Варшаве, але ў пошуках яе – і Сяргей Ландар. На радзіму перадае прывітанне:

«Усіх люблю. Спадзяюся ўсе жывыя, здаровыя. Сітуацыя ў краіне мяне безумоўна вельмі раздражняе. Я вельмі не задаволены тым, што адбываецца і спадзяюся, што некалі гэта ўсё скончыцца. Хутчэй бы ўсё гэта скончылася».

Вярнуцца дамоў Сяргей плануе на першай пераможнай хвалі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»