Уладальніка крамы «Мой модны кут» асудзілі на 15 содняў, ягоную жонку аштрафавалі. У сталічную краму «Сымбаль.бай» прыйшлі з правяраннем і затрымалі 4-х супрацоўнікаў, усю тэхніку і тавар канфіскавалі.
Блогерка Вольга Такарчук выйшла з ізалятару часовага ўтрымання. Яе абвінавацілі паводле сумна вядомага артыкулу – 23.34. Пакаранне – 870 рублёў за адзіночны пікет. Дакладней, за тое, што блогерка выпускала шарыкі з уласнага акна.
«Смярдзючы туалет, свет уключаны, паршывая ежа, кашы крыху… піць давалі раз у дзень, калі-нікалі два разы ў дзень… ваду з-пад крана пілі. Папрасіла шампунь перадаць, мяне паслалі на тры літары – маўляў, няхай сваю тупую бчб-шную галаву мые мылам», – дзеліцца Вольга.
Пасля 15 содняў адміністратыўнага арышту дадому вярнуўся і актывіст Зміцер Дашкевіч. Яго затрымалі ў Курапатах, дзе ён цягам двух з паловаю гадоў штопятніцу трымае варту каля скандальнае рэстарацыі «Поедем Поедим».
«Кожнаму чалавеку Бог дае сваю меру магчымасцяў у змаганні за праўду. Як мінімум, кожны можа пачаць заўтра, а то, можа, і сёння пачаць размаўляць па-беларуску. За гэта не б’юць, за гэта не пазбаўляюць працы і волі. Ты можаш заўтра выйсці ў горад і сказаць усім: «Прывітанне, дзякуй, калі ласка…». Калі два мільёны так зробіць – то не трэба будзе сядзець у турме нікому», – адзначае Зміцер.
Памочніцу гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі Таццяну Ласіцу прызналі палітычнай зняволенай. Яе вінавацяць у рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Самога Судаленку абвінавацілі ў фінансаванні масавых беспарадкаў за тое, што ён дапамагаў аплачваць штрафы пратэстоўцам.
«Былі палітзняволеныя, былі нейкія крымінальныя пераследы, але я не магу ўзгадаць, каб выключна за тое, што людзям дапамагалі пісаць скаргі, выплочваць дзяржаўнае мыта, – каб менавіта за гэта пераследавалі», – падкрэслівае гомельскі грамадска-палітычны актывіст Васіль Палякоў.
А ў Віцебску ў адстаўку падаў кіраўнік гораду Вадзім Заранкін. Здавалася б, нічога незвычайнага. Але летась абодвух ягоных сыноў затрымлівалі падчас пратэстаў. Ці можа быць звязаны з гэтым ягоны сыход з пасады?
Жыхары Віцебску:
«Может, он город плохо убирает, может, и поэтому».
«Мэр – это государственный чиновник, госслужащий, и он стоит на защите интересов своей страны и своих граждан. И если он воспитал своих сыновей таким образом, что они плюют на законы своей страны – мне очень жаль».
«Может быть, нашел что-то более лучшее».
«Сыны ж его подвели».
Тым часам, затрымалі яшчэ адную журналістку Tut.by – Надзею Калініну. Адносна яе склалі адміністратыўны пратакол. За што – пакуль невядома. Затрымалі і адміністратара телеграм-чатаў «Жудро-суседзi» і «Тарасава». Мужчыну даставілі ў Фрунзенскае РУУС, яго вінавацяць у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Каця Малей, «Белсат»