Забараніць нацыянальны сімвал ужо немагчыма: беларусы абараняюць бел-чырвона-белы сцяг


Далёка не кожная заява збірае подпісы гэтак хутка. Беларусы выступілі ў абарону нацыянальнага сімвала і падпісваюць петыцыю, ініцыяваную Каардынацыйнай радай, супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім і за наданне яму статусу гістарычна-культурнае спадчыны.

«Больш за 20 тысяч подпісаў за адзін дзень. І гэта таксама сведчыць, што людзі актыўна падтрымліваюць і гатовыя змагацца за тое, што для іх ёсць каштоўнасцю», – кажа сябра Каардынацыйнае Рады Вольга Кавалькова.

Так званых «неабыякавых грамадзянаў», якія напярэдадні накіравалі ў Генпракуратуру зварот з просьбаю прызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім, паводле афіцыйных медыяў, больш за сотню. А Генпракуратура ўжо рыхтуе адпаведны пакет дакументаў.

«Гэта нашая гісторыя, а гісторыю трэба вучыць і ведаць. А якім быў, экстрэмісцкім ці фашысцкім, – гэта не сцяг выбірае, якім яму быць».

«Мабыць, Генпракуратуры самой трэба вывучаць гісторыю, гэта ўсё, што я думаю», – кажуць людзі на вуліцах Менску.

Кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч адзначае, што ў беларусаў няма больш старажытнага сцяга, чым бел-чырвона-белы, і стваралі яго ў тыя ж часы, калі і сцягі суседніх з намі нацыяў:

«Сам сцяг, дызайн і прапорцыі стварае ў 1917 годзе Клаўдзіюш Дуж-Душэўскі, але высвятляецца, што ён абапіраўся на нядаўнюю традыцыю беларускага студэнцтва ў Петраградзе і на больш глыбокія традыцыі, XVII стагоддзя прынамсі».

Абодва праекты незалежнае беларускае дзяржавы – і на пачатку, і пры канцы ХХ стагоддзя – стваралі пад бел-чырвона-белым сцягам, падкрэслівае Алег Дзярновіч. З верасня 1991-га да траўня 1995-га года гэты сцяг меў статус дзяржаўнага.

«Пад бел-чырвона-белым сцягам адчыняліся першыя амбасады нашай незалежнай дзяржавы, перамагалі на алімпіядах нашыя спартоўцы, пад бел-чырвона-белым сцягам у 1994 годзе была прынятая першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі», – пералічвае гістарычныя падзеі пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Закіды ж так званых «неабыякавых грамадзянаў» супадаюць з тэзамі афіцыйнае прапаганды пра тое, што пад бел-чырвона-белым сцягам у час Другой сусветнай вайны гуртаваліся калабаранты, што супрацоўнічалі з акупацыйнымі нямецкімі ўладамі.

«Калі прыняць гэты аргумент, то трэба забараняць усе нацыянальныя сцягі ў Еўропе, у тым ліку расейскі трыкалор, літоўскі, балтыйскія ўсе, украінскі», – адзначае Алег Дзярновіч.

Паводле гісторыка, ва ўсіх захопленых Нямеччынаю краінах стваралі мясцовыя ўрады і выкарыстоўвалі нацыянальную сімволіку.

Страх уладаў Беларусі перад спалучэннем белага з чырвоным – зусім не праз гісторыю, лічыць Уладзімір Арлоў:

«Гістарычная памяць і гістарычныя сімвалы – тым больш яны былі дзяржаўныя, – гэта магутная аб’яднаўчая і стваральная сіла».

Згодныя з пісьменнікам і апытаныя на менскіх вуліцах.

«Ціск вялікі ідзе на ўлады з дапамогай гэтага сцяга».

«Гэта толькі дзеля таго, каб людзі не маглі бачыць, што існуюць не згодныя з гэтымі ўладамі».

«Праз тое, што бел-чырвона-белым сцяг забароняць, у галовах у людзей нічога не зменіцца».

Забараніць нацыянальны сцяг ужо немагчыма, лічыць Уладзімір Арлоў, бо людзі прагаласавалі за яго вяртанне сваймі дзеяннямі. Але змагацца за наш сцяг мусіць кожны.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»