Тры тыдні бяз зменаў, і вось зноў. Чаму даражэе паліва?


3 тыдні бяз зменаў, і вось зноў. Белнафтахім павысіў цэны на паліва на 1-2 капейкі. Такім чынам, кошт бензіну і дызелю вярнуўся на ўзровень канца мінулага года. Летась паліва даражэла 27 разоў. У чым прычына такіх ваганняў? І ці залежыць цана на запраўцы толькі ад сусветных трэндаў?

Нядаўна зніжаныя кошты трымаліся зусім нядоўга. На пачатку года «Белнафтахім» хваліўся ўразаннем цэнаў на паліва на адну-дзве капейкі. Сёння ўсё зноў стала на свае месцы: дызель і 95-ты бензін зноў набралі капейку, 92-гі вярнуў свае дзве капейкі.

Сваімі ўражаньнямі дзеляцца жыхары Менску:

«Заробак даражэе, бензін даражэе. У чым праблема?»

«Цэны павялічваюцца на ўсё. Не ведаю, дзе будзе край. Гавораць, 1,70 рубёў, 1,80. Па адной капейцы. Гэта проста здзек, напэўна, ці што».

У чым жа прычына ваганняў коштаў? Адмыслоўцы тлумачаць сусветнымі коштамі на нафту.

«Тут ад мыта не залежыць, ад падатковага манеўру не залежыць, а залежыць ад цаны на нафту на сусветным рынку. Цана на нафту даходзіла да 70-ці, потым упала да 50-ці, цяпер трохі вырасла, 61 долар», – мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

Сапраўды, пасля працяглага падзення нафта зноў пайшла ўгару.

«Не хапае бюджэту. Павінны ж зніжацца цэны, а яны ўсё вышэй і вышэй», – мяркуюць кіроўцы з Менску.

Тым не менш, ёсць і іншыя чыннікі, якія ўплываюць на кошт паліва. Напрыклад, ступень перапрацоўвання нафты, якая не дацягвае да еўрапейскага ўзроўню.

«Яны, напрыклад, з аднае тоны нафты атрымоўваюць светлых нафтапрадуктаў ледзь не пад 90 адсоткаў. То бок, яны атрымоўваюць больш дарагіх прадуктаў з нафты, чым беларускія заводы», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Для таго, каб канкураваць з заходнімі канцэрнамі, беларускім заводам даводзіцца крыху зніжаць кошт на замежным рынку. Адпаведна, патрэбная нейкая кампенсацыя на рынку ўнутраным. Каб змяніць сітуацыю, неабходная мадэрнізацыя нафтаперапрацоўчых заводаў.

Леанід Злотнікаў: «20 гадоў ідзе нейкая мадэрнізацыя то Мазырскага, то Наваполацкага заводаў. Улады абяцаюць, што ўжо неўзабаве, да канца гэтага года нейкую значную мадэрнізацыю яны скончаць».

І да таго часу, паводле эксперта, кошты могуць стабілізавацца. Але колькі яшчэ падаражэнняў чакаць давядзецца?

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»