3 ліпеня: свята для адборнай публікі


Шэсце для спецыяльна выбраных людзей, прамовы на тэму Другой сусветнай і выставы дасягненняў сучаснасці. Як у Менску адзначылі Дзень Рэспублікі – распавядзе Аляксандр Папко.

У атачэнні не вайсковай тэхнікі, а сыноў, дзяўчат са службы пратаколу, школьнікаў і Аляксандра Саладухі, адсвяткаваў 3 ліпеня Аляксандр Лукашэнка. Дзень Рэспублікі адзначалі не так масава, як папярэднімі гадамі. У цэнтр сталіцы, дзе адбылося шэсце «Беларусь памятае», звычайных мінакоў не пускалі.

«Тут толькі вызначаныя паводле рэгламенту: «Белая Русь», выбраныя райвыканкамамі, пашыхтаваныя ў калоны. Не дай Божа, каб сюды нехта трапіў не той. Вось і ўсё, як мы святкуем свята Перамогі!» – абураўся пенсіянер Рыгор Ганжараў.

У шэсці бралі ўдзел 5 тысячаў чалавек. Гэта ўжо другое афіцыйнае масавае мерапрыемства з пачатку эпідэміі. Ці не баяліся ўдзельнікі каронавіруса?

«Мы яго перамагаем! Смялей, смялей! Смялей! І цяпер мы запрашаем вас на ўскладанне вянкоў да помніку Жукаву!» – заклікаў сябра Міжнароднага грамадскага фонду імя Жукава Дзмітрый Сінько.

«Каронавірус, канечне, трэба захады бяспекі выконваць, але я думаю, што тут прысутнічаюць тыя, хто адчуваюць сябе здаровымі. А шэсце, вядома, патрэбнае!» – перакананая кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску Таццяна Калядка.

«Каронавірус і ў Афрыцы ёсць! Мы не баімся, мы лічым, што такім свежым паветрам, такім патрыятызмам мы ўсё пераможам!» – упэўнена адказала яшчэ адна ўдзельніца шэсця.

Параду на афіцыйны Дзень Незалежнасці не праводзілі. Той адбыўся 9 траўня – у 75 гадавіну капітуляцыі гітлераўскай Нямеччыны. Вялікай Айчыннай вайне была збольшага прысвечаная і сённяшняя прамова кіраўніка дзяржавы.

«Памятайце: пакуль мы разам са сваімі дзецьмі прыходзім да мемарыялаў і абеліскаў, Гасподзь будзе з намі, ён нас заўсёды зможа абараніць ад бураў і нягод. Але як толькі мы забудзем народную сцежку да гэтых велічных мясцінаў гісторыі нашай краіны, чакайце бяды», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ці такая рыторыка здольная выхаваць патрыятызм у сённяшніх беларусаў?

«Гэтая ідэя перамогі ў вайне ў Беларусі сыходзіць на другі план. З’явілася новае пакаленне, для якога Вялікая Айчынная вайна – гэта нешта даволі далёкае. Ветэраны ўжо адыходзяць. Таму я не думаю, што гэтая ідэя працуе так, як яна працуе ў Расеі», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Са святам незалежнасці Аляксандра Лукашэнку павіншавалі прадстаўнікі 47 краінаў. Дапамагаць Менску паабяцаў старшыня КНР Сі Цзінь Пін. Правесці свабодныя выбары заклікаў дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа. Уладзімір Пуцін заклікаў кіраўніцтва нашай краіны паглыбляць інтэграцыю з Расеяй.

«А што мы разумеем пад паглыбленай інтэграцыяй? Агульная валюта, мяжа ці што? Трэба пераглядаць усе дамовы, я лічу!»

«Інтэграцыя з Расеяй – гэта выключна ў інтарэсах Беларусі, я лічу. Гэта дакладна не продаж, не інтэграцыя ў іхную эканоміку».

«Я не бачу ў гэтым сэнсу. Паглядзіце, якая там сітуацыя, я не хачу, каб было так жа. Карупцыя там яшчэ горшая, чым у нас!»

«І не трэба нам працягваць інтэграцыю туды. Мы там ужо былі дастатковую колькасць гадоў», – адказваюць на прапанову Уладзіміра Пуціна жыхары Менску.

Свята адзначылі выставаю дасягненняў айчыннага машынабудавання і канцэртам ля стэлы «Менск – горад-герой». Кульмінацыяй Дня Незалежнасці стануцца салют і адкрыццё новага фантану на Свіслачы. Падарунак коштам два з паловаю мільёны долараў сталіцы зрабіў расейскі «Сбербанк».

Аляксандр Папко, «Белсат»

Фота: president.gov.by