29 кастрычніка - Дзень памяці рэпрэсаваных


Як Курапаты – не адзінае ў Беларусі месца масавых растрэлаў сталінскіх часоў, гэтак і Дзяды – не адзіная магчымасць ушанаваць памяць рэпрэсаваных. Заўтра, 29-га кастрычніка неафіцыйны Дзень памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі.

У турме сённяшняга КДБ у ноч на 30-га кастрычніка 1937-а года забойцы з НКВД расстралялі больш за 130 прадстаўнікоў нацыянальнай беларускай эліты. Паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў забівалі аднаго за адным. Гісторыкі і даследчыкі рэпрэсіяў яшчэ 10 гадоў таму звярнуліся да кіраўніцтва Беларусі з просьбаю ўнесці 29-га кастрычніка ў каляндар як Дзень памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў.

«На што атрымалі адказ тагачаснага старшыні КДБ Сухарэнкі: у Беларусі ёсць Радуніца і Дзяды, вось тады і адзначайце свой дзень», – распавядае гісторык Ігар Кузняцоў.

Архівы са звесткамі пра рэпрэсаваных дасюль схаваныя ад грамадзянаў. Але даследчыкі і неабыякавыя людзі самыя сабралі інфармацыю: у 1920-1950-я гг на тэрыторыі Беларусі савецкія ўлады расстралялі не менш за 350 тысяч асобаў.

«Паводле маіх звестак, расстрэлы праводзіліся больш як у 38 паселішчах, больш за 110 месцаў расстрэлаў. З іх у Менску канкрэтна масавых расстрэлаў – сотнямі і тысячамі – прыкладна 12 месцаў», – кажа Ігар Кузняцоў.

Апроч Курапатаў, Лошыцкага яру і парку Чалюскінцаў у Менску, мы ведаем і пра Чарнігаўскую шашу каля Гомля, і пра Хайсы каля Віцебску. Кабылякі каля Воршы знайшліся яшчэ раней – у 1982-ім годзе. І афіцыйная камісія прызнала, што гэта менавіта месца расстрэлаў сталінскага часу.

«Падчас будаўніцтва адной чыгуначнай галіны знайшлі магілу на 50 чалавек з такімі характэрнымі адтулінамі ў чарапах ззаду», – сведчыць даследчык рэпрэсіяў Ігар Станкевіч.

Заўтра ў сталіцы адбудзецца шэраг ушанавальных акцыяў.

У Прэс-клубе зладзяць брыфінг гісторыкаў і даследчыкаў «Праблемы ўшанавання памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі».

Рух салідарнасці «Разам» запрашае на жалобны Шлях Памяці па месцах рэпрэсіяў, які пачнецца аб 11-ай на Кальварыйскіх могілках. Падчас Шляху Памяці актывісты наведаюць Заходнія могілкі, дзе будзе адкрыты помнік Леаніду Маракову, знакамітаму даследчыку рэпрэсіяў. Грошы на помнік сабралі літаратары і гісторыкі, якія асабіста ведалі Маракова.

«Справу зрабіў Ігар Засімовіч, наш цудоўны скульптар. Ён апекаваўся менавіта тэхнічнай часткай працы», – кажа Усевалад Сцебурака, намеснік старшыні Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

А тыя, хто маюць час толькі ўвечары, могуць далучыцца да акцыі памяці ля будынку КДБ а 19-ай гадзіне або да акцыі «Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах а 20-ай. Там будуць чытаць вершы знішчаных беларускіх творцаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»