29 гадоў таму БССР стала суверэннай дзяржавай


«Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка – суверэнная дзяржава». 29 гадоў таму дэпутаты Вярхоўнага Савету ўхвалілі дакумент, дзе нашая краіна згадваецца як цалкам самастойная – упершыню за 72 гады.

Пры гэтым Беларусь не ішла ў авангардзе параду суверэнітэтаў. З лістапада да траўня суверэннасць абвесцілі краіны Балтыі. У чэрвені вяршэнства сваіх законаў над саюзнымі прызнаў Вярхоўны Савет Расеі, а ў ліпені – Украіны. У Менску дэпутаты-камуністы ініцыятывы не праяўлялі.

Зянон Пазняк, дэпутат вярхоўнага савету 12-га склікання (27.07.1990): «І дасядзеліся да таго, што нашую вандэйскую рэспубліку цягне наперад да свабоды не столькі наш шырокі грамадскі рух, колькі вакол нас нарадзіліся ўжо суверэнныя рэспублікі, і гэтую вандэйскую Беларусь штурхаюць, выпіхваюць у суверэнітэт».

Беларускі народ – гэта адзіная крыніца ўлады, тэрыторыя Беларусі – непадзельная, наша краіна мае права ўваходзіць у міждзяржаўныя саюзы і выходзіць з іх – заяўлялася ў дванаццаці пунктах дакументу.

Лявон Баршчэўскі, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання: «Гэта былі нармальныя пункты. Там нават было прызнанае права на сваё войска (праўда, асцярожна гэта было запісана), а таксама права на фінансавую сістэму сваю».

Аднак Дэкларацыя заставалася толькі заяваю пра намеры. Канстытуцыйную моц яна набылА праз год – 25 жніўня 1991 года, пасля паразы камуністычнага путчу ў Маскве. Пяць гадоў запар 27-га ліпеня адзначалася як Дзень незалежнасці. У гэты дзень у 1996 годзе ў Менску прайшоў 20-тысячны мітынг за адстаўку Лукашэнкі.

Праз паўгода кіраўнік Беларусі правядзе рэферэндум, пасля якога разгоніць Вярхоўны Савет, а Дзень незалежнасці перанясе на 3-га ліпеня.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік: «Ён проста з асалодай знішчаў усе заваёвы гэтак званых «свядомых», як ён іх называў, гэтых «нацменаў». Ён хацеў такім чынам засведчыць, што нават на ўзроўні сімволікі мы вяртаемся ў светлую мінуўшчыну».

Мадыфікаваная сімволіка гэтай савецкай мінуўшчыны лунае над краінай ужо 23 гады. А ці памятаюць жыхары нашай сталіцы, у які дзень раней адзначалі свята незалежнасці?

Жыхары Менску:

«У іншы дзень! У Дзень Перамогі!»

«Незалежнасці? Нават не было, наколькі я памятаю! Адзначалі дзень вызвалення Беларусі – 3 ліпеня».

«Я ведаю, што ў нас па-сапраўднаму дзень Незалежнасці – гэта 25 сакавіка 1918 года!»

«Дзень незалежнасці – гэта дзень незалежнасці! І калі б ён не адзначаўся – гэта вялікае свята для нашага народу! І дай Бог яго адзначаць яшчэ доўгія-доўгія гады!»

Прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка паабяцаў ізноў аб’яднацца з Расеяй у адну дзяржаву. Дзяржавы н(я) выйшла, але дыскусіі пра тое, ці застанецца Беларусь на мапе, мы надалей чуем з вуснаў высокіх палітыкаў.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі: «Мы адказалі на самае галоўнае пытанне, якое падкідвалася з усіх бакоў (не ведаю, з якою мэтаю): увойдзе Расея ў склад Беларусі ці Беларусь у склад Расеі?»

У склад Расеі беларускае кіраўніцтва не збіраецца і суверэнітэт цэніць – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік: «Пры ўсёй спецыфіцы аўтарытарнай улады ў Беларусі адбудаваныя дзяржаўныя інстытуты. Іншае пытанне, што гэтая жорсткая ўлада стала ўжо тормазам. Але факт у тым, што каркас гэты ёсць».

Суверэнітэт ёсць, але незалежнасці няма – дадае спікер таго парламенту, які ўхваліў Дэкларацыю 1990 года.

Мечыслаў Грыб, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання: «Таму, што нашая эканоміка на расейскіх энерганосьбітах трымаецца ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. І бачыце, як толькі Расея ледзь-ледзь пачынае прыціскаць, скарачаць, адмаўляць у дывідэндах – тады краіна пачынае задыхацца».

Што павінен рабіць Менск, каб суверэннасць і незалежнасць Беларусі ізноў н(я) сталі простай дэкларацыяй? Дзве рэчы – кажа Аляксандр Класкоўскі: рабіць эканоміку разнастайнай і самастойнай ды ўзнімаць узровень нацыянальнай свядомасці.

Аляксандр Папко, «Белсат»