29-ая гадавіна абвяшчэння незалежнасці Беларусі


На плошчу Незалежнасці, як і ўсімі мінулымі днямі, выйшлі нязгодныя з вынікамі выбараў.

«Я хачу, каб сёння сустрэліся два рухі – наш рух, БНФ, канечне, ён раней пачаўся, з БНР, і гэты новы стыхійны рух, які атрымаўся», – кажа дэпутат Вярхоўнага Савету XII склікання Пётр Садоўскі.

Адбыліся акцыі і ў іншых гарадах Беларусі. У Дзень незалежнасці праз канал «Страна для жизни» да беларусаў звярнулася Святлана Ціханоўская:

«Я бачу вашы радасныя твары і разумею, што мы пераадолелі страх, я бачу ў вашых вачах рашучасць і разумею, што мы ўзялі на сябе адказнасць. Адказнасць за сябе і за Беларусь».

Святлана Ціханоўская праз відэасувязь выступіла сёння і ў еўрапарламенце, заклікаўшы паважаць суверэнітэт Беларусі і выказаўшы гатовасць да дыялогу з уладамі. Ва ўладаў адказ адзін – застрашванне і ціск. Тры з паловаю гадзіны правёў сёння ў Следчым камітэце Павел Латушка. Чальца прэзідыуму Каардынацыйнай рады выклікалі як сведку ў крымінальнай справе.

«Я перакананы, што каардынацыйная рада не ажыццяўляе ніякіх дзеянняў, якія парушалі б заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Мы не ставім на мэце захоп улады, мы ставім на мэце адно – каб распачаўся дыялог па выхаду з палітычнага крызісу, у якім знаходзіцца нашая краіна. І ўсе нашыя прапановы знаходзяцца ў рамках правоў грамадзянаў Беларусі і адпавядаюць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», – адзначае Павел Латушка.

Улады ж замест дыялогу працягваюць ціск. У судзе Заводскага раёну сталіцы разгледзелі адміністрацыйныя справы двух затрыманых учора ля прахадной МТЗ сябраў Каардынацыйнай рады – Вольгі Кавальковай і Сяргея Дылеўскага.

«Мы толькі а 9 увечары даведаліся, дзе ён. І тое – нам адмаўляліся пацвярджаць ягонае месцазнаходжанне. Нам кожны раз казалі пра новае месца. Спачатку – Партызанскі, потым – Заводскі. Заводскі сказаў, што ніякіх справаў не пачыналі. А потым выяўляецца, што суд а 12-й», – распавядае жонка Сяргея Дылеўскага Ірына.

Абодвух сябраў Каардынацыйнай рады суд пакараў дзесяццю соднямі арышту, прызнаўшы вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.

«Вядома, гэта ціск, спроба спыніць справу Каардынацыйнае рады. Але, як мы бачым, яна абсалютна поспеху не мае, бо ўсё больш людзей да нас далучаецца», – падкрэслівае сябра рады Марыя Калеснікава.

Канстытуцыйны суд выступіў сёння ў абарону ўладаў. Паводле яго, стварэнне Каардынацыйнае рады з’яўляецца неканстытуцыйным, а для таго каб аспрэчваць вынікі выбараў у нас ёсць Вярхоўны суд і цэнтральная выбарчая камісія.

Беларусы адказваюць на ціск новымі акцыямі, што ладзілі ў сталіцы цягам усяго дня. Настаўнікі выказалі нязгоду з выказваннямі Аляксандра Лукашэнкі пра лаяльнасць да дзяржаўнай ідэалогіі. Удзел у акцыі ля будынку міністэрства адукацыі ўзялі некалькі сотняў асобаў.

«Настаўнік у нашай краіне – гэта на 80 адсоткаў жанчыны сталага ўзросту. Вядома, яны баяцца. Але браць прыклад трэба з таго, хто храбрэйшы, а не з таго, хто баіцца ці адседжваецца», – кажа адзін з удзельнікаў акцыі.

Падтрымаць настаўнікаў прыйшлі і бацькі вучняў, і купалаўцы, якія ўжо некалькі разоў напісалі заявы на звальненне.

«Цяпер тэатр у так званым прастоі, таму мы чакаем, што адкажа кіраўніцтва, новы дырэктар, якога мы яшчэ не бачылі».

«Мы – купалаўскі тэатр, мы прыйшлі падтрымаць настаўнікаў, каб яны не баяліся, каб мы ўсе не баяліся», – кажуць купалаўцы.

Ля будынку прэзідыуму Акадэміі навук на праспекце Незалежнасці навукоўцы чарговы раз выказалі салідарнасць з прадпрыемствамі, якія бастуюць:

«Мы выходзім штодня, выходзім нецэнтралізавана, то бок кожны выходзіць адстойваць свой голас».

«У шмат якіх інстытутах сёння дырэкцыі сабралі паседжанні і паведамілі працаўнікам, што недапушчальны ўдзел, што магчымыя звальненні».

«Выходзіць пераважна моладзь. А калі ўлічыць разрыў пакаленняў, што склаўся ў навуцы, калі ёсць маладыя і старэйшае пакаленне, але няма сярэдняга пакалення, то пагражаць звальненнямі моладзі – гэта проста развальваць навуку».

Працягваюць падтрыманне і краіны-суседкі. У Вярхоўнай радзе Украіны чарговы раз узнялі беларускае пытанне.

«Якія-кольвек запалохванні майданам – гэта бясспрэчна хворая маскоўская прапаганда, і я хачу заклікаць беларусаў не баяцца і далей выходзіць на вуліцу», – кажа дэпутатка Вярхоўнае Рады Украіны Саламея Баброўская.

Дэпутатка заклікала паставіць заяву пра непрызнанне беларускіх выбараў на парадак дня ў пачатку верасня.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»