У колькі абыдзецца скарачэнне экспартнага мыта на нафту?

Новы год – новы выклік для айчыннай нафтаперапрацоўчай галіны. З першага студзеня стаўкі экспартнага мыта на нафту і асноўныя нафтапрадукты знізяцца амаль на траціну.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адмыслоўцы тлумачаць гэта з чарговым этапам так званага падатковага манеўру Расеі, услед за якой мы пераглядаем мыта.

«Беларусь доўгі час была такім «нафтавым эміратам», таму што падаткі былі вельмі спрыяльнымі для таго, каб нафта ўязджала ў Беларусь, перапрацоўвалася, а потым праз розныя схемы частка трапляла ў Расею, а частка экспартавалася ў краіны Еўразвязу», – зазначае Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса.

Падатковы манеўр Расеі – гэта паэтапнае, з 2019 да 2024 года, скарачэнне экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты ў залежнасці ад сусветных коштаў на нафту. Раней мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і з продажу ў Беларусь – у межах квоты. Гэта дазваляла нашай краіне зарабляць на розніцы коштаў, перапрацоўваючы бязмытавую нафту і перапрадаючы ды забіраючы мыта ў беларускі бюджэт.

«Гэта было для Беларусі недзе 5–7 адсоткаў беларускага ВУП. Гэта шмат было грошаў», – падкрэслівае Яраслаў Раманчук.

Расейскі падатковы манеўр уплывае і на кошты нафты для беларускіх заводаў. Зніжка, з якой тыя набывалі расейскую сыравіну, была прывязаная да экспартнага мыта. Але з кожным годам кошт чорнага золата для беларускіх прадпрыемстваў набліжаецца да рынкавага. Штогадовыя страты беларускай эканомікі ад манеўру ацэньваюць не менш чым на мільярд долараў, да 2024 года Беларусь паводле прагнозаў не далічыцца штонайменей дзесяці мільярдаў.

«З кожным годам страты для беларускага бюджэту будуць усё большыя і большыя. Паколькі мы недзе ў сярэдзіне шляху, то можна казаць пра лічбы сягаюць 4–5 мільярдаў долараў», – мяркуе эканаміст Аляксей Харкевіч.

Сваім нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам Расея кампенсуе адмову ад экспартнага мыта праз зваротны акцыз. Лукашэнка патрабаваў ад Уладзіміра Пуціна кампенсацыі і для беларускай эканомікі, аднак максімум што атрымліваў – чарговы крэдыт.

«Ад бязвыхаднасці беларускі бок вымушаны прасіць гэтыя грошы ў Расейскай Федэрацыі. Безумоўна, робіць гэта на ўмовах вяртання і закладвае адсотак. Той, хто выдае гэтыя грошы, вядома, выдае іх пад адсотак», – тлумачыць эканаміст.

У Крамлі настойвалі, што пытанне кампенсацыі для Беларусі можа разглядацца толькі пасля ўніфікацыі падатковага заканадаўства дзвюх краінаў, якое фактычна адбылося з падпісаннем інтэграцыйных дарожных мапаў. Але пра субсідыі ды кампенсацыі для беларускіх НПЗ пакуль не чуваць.

«Сітуацыя ў Лукашэнкі цяпер не такая, каб ён мог на нечым настойваць. Ён не ў той сітуацыі. Яму зараз не пра кампенсацыю думаць, а пра тое, каб хоць нейкія крэдыты ў Расеі выбіць. Ён і гэтага пакуль зрабіць не можа», – рэзюмуе эканаміст Леў Марголін.

Прадукцыя нафтаперапрацоўчай галіны складае каля чвэрці ад усяго беларускага экспарту. Калі ўлады не знойдуць, як скампенсаваць расейскі падатковы манеўр, то з улікам эканамічных санкцыяў аналітыкі Міжнароднага валютнага фонду прагназуюць моцны ўдар па эканоміцы нашай краіны ды рэцэсію.

Алесь Баразенка, Марыля Дакуцька, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама