Хто прыйдзе на месца Макея?


У адзіноце, але пад пільным наглядам аховы. На развітанне з Уладзімірам Макеем у Дом афіцэраў Лукашэнка прыйшоў пехатою, з суседняга будынку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзяржаўныя медыі развітанню з міністрам надалі больш увагі, чым самому факту смерці Макея ў суботу, 26 лістапада. Вось гэта – суботняя дэпеша БелТА. У праграме «Контуры» на АНТ пра смерць Уладзіміра Макея ўзгадалі толькі на 38 хвіліне выдання, а часу ягонай асобе прысвяцілі ўтрая менш, чымся стравам з бульбы, вырашчанай у гаспадарцы Лукашэнкі.

«Гэта проста інерцыя гэтае бюракратычнае машыны, якая, пакуль няма загаду зверху, не ведае што рабіць. Ну, міністр памёр, яны ставяць, але на самы топ гэта ставіць нельга, пакуль няма загаду зверху. На самым топе павінны быць ураджай, нейкія нарады», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Пра тое, хто можа стаць новым кіраўніком Міністэрства замежных справаў, на сваім канале ў YouTube распавёў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, які сам досыць працяглы час працаваў у сістэме МЗС. Сярод гэтых людзей – намеснікі міністра Сяргей Алейнік і Юрый Амбразевіч. А таксама Андрэй Савіных, старшыня камісіі міжнародных справаў Палаты прадстаўнікоў.

«Гэта той чалавек, які прамым тэкстам казаў, што ён рускі і што ён выступае за “русскомирскую” палітыку ў Беларусі. Таму тут няма ніякіх сумневаў, калі мы прасочым усе ягоныя заявы, у тым ліку і пра Крым, дарэчы. Гэта той чалавек, які будзе прасоўваць палітыку Масквы», – адзначае Павел Латушка.

Паводле Віталя Цыганкова, за інтэграцыю з Расеяй у Беларусі ёсць каму адказваць, апроч МЗС. Роля ж міністра замежных справаў у Беларусі і ёсць тое, чым займаўся Макей: наладжваць кантакты з Захадам, адбельваць рэжым і развіваць гандаль. Таму «русскомирец» наўрад ці мае шанцы зрабіцца новым міністрам, лічыць Віталь Цыганкоў:

«Гэта будзе сведчаннем, што ўсё, Лукашэнка падняў лапкі, прызначыў таго, каго загадала Масква. Але я б аддаваў гэтаму менш верагоднасці, усё ж Лукашэнка паставіць чалавека, які будзе спрабаваць рабіць тыя функцыі, якія вызначаныя для міністра замежных справаў».

Яшчэ адзін кандыдат, на думку Паўла Латушкі, – прадстаўнік Беларусі ў ААН, былы памочнік самаабвешчанага кіраўніка Беларусі Валянцін Рыбакоў. А таксама нават найстарэйшы сын Лукашэнкі Віктар. Заслугоўвае ўвагі і кандыдатура Максіма Рыжанкова, першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

«Той, хто быў у пастаянным сістэмным канфлікце з міністрам замежных справаў Макеем, які крытыкаваў яго на ўзроўні Лукашэнкі і які заўжды хацеў заняць ягоную пасаду. Гэты чалавек звязаны з Лукашэнкам праз свайго бацьку. Калісьці на заранку кіравання Лукашэнкі Уладзімір Рыжанкоў быў міністрам спорту», – кажа Павел Латушка.

Хто дакладна зойме месца Уладзіміра Макея ў МЗС, пакуль невядома. Затое «Белсат» даведаўся, хто замест яго паедзе ў Польшчу на саміт АБСЕ. Гэта Андрэй Дапкюнас, амбасадар Беларусі ў Аўстрыі і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ і міжнародных арганізацыях у Вене.

Алесь Яшчанка, «Белсат»