0,3 % ад ЕАБР ці 3,8 % ад беларускіх уладаў – чый прагноз росту ВУП выглядае больш рэалістычна?


Тры дзясятыя адсотка – на столькі, паводле меркавання экспертаў Еўразійскага банку развіцця, мае вырасці валавы ўнутраны прадукт у Беларусі ў наступным годзе. Паводле ж прагнозаў беларускага ўраду, зацверджаных напярэдадні Лукашэнкам, ВУП мае вырасці амаль на 4 адсоткі (3,8 %). Навуковы працаўнік BEROC Алег Мазоль тлумачыць, што пры складанні такіх прагнозаў разглядаюцца як аптымістычны, так і песімістычны сцэнары.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Я лічу, што адміністрацыя Лукашэнкі будзе выкарыстоўваць толькі самыя спрыяльныя для сябе прагнозныя лічбы, каб намаляваць прыгожы паказчык ВУП, таму такая розніца паміж двума прагнозамі»? – кажа Алег Мазоль.

Беларуская эканоміка ўвогуле стаіць цягам апошніх дзесяці гадоў, нагадвае бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч. Асаблівага прагрэсу не было і без санкцыяў, і без вайны Расеі з Украінай, у якую ўцягнутая і Беларусь.

«Сёння санкцыі, сёння падзенне ўзроўню жыцця ў Расеі. Расея відавочна ідзе да пройгрышу, і ўсе тыя падзеі, якія сёлета ўплывалі на тое, каб падзенне не было катастрафічным, налета перастануць працаваць. І таму прагназаваць рост беларускай эканомікі можа толькі абсалютны фантазёр», – лічыць Аляксандр Кныровіч.

Сцэнар Еўразійскага банку развіцця дапускае, што санкцыі ў дачыненні Беларусі будуць дзеяць да канца 2024 года. Эксперты мяркуюць, што нягледзячы на еўрапейскія санкцыі ў дачыненні Беларусі налета пачне аднаўляцца экспарт калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў. Менавіта ўнёскам экспарту абгрунтоўваецца падвышэнне ВУП у прагнозе.

«Адаптацыя да санкцыйных абмежаванняў будзе спрыяць паступоваму аднаўленню экспарту, фізічныя аб’ёмы якога могуць паказаць рост пасля скарачэння больш як на 20 % у 2022 годзе. Прагназаванае паслабленне эканамічнай актыўнасці ў Расеі і інфраструктурныя абмежаванні будуць стрымліваць рост паставак тавараў і паслугаў за мяжу», – гаворыцца ў прагнозе ЕАБР.

Пры гэтым мяркуецца, што экспарт не дасягне ўзроўню 2021 года, таму дзяржава працягне падтрымліваць эканоміку. Мадэль беларускай эканомікі і не прадугледжвае росту, сцвярджае Аляксандр Кныровіч.

«У нашай эканамічнай мадэлі дапускаецца, што галоўным інвестарам ёсць дзяржава, якая (калі мы паглядзім на ўсе інвестыцыйныя правалы) не прадукуе новага ВУП, а прадукуе толькі даўгі. Таму меркаваць, што нават пры мірных умовах, умовах адсутнасці санкцыяў у нашай эканоміцы будзе рост, не даводзіцца», – кажа бізнесовец.

Цягам апошніх дзесяці гадоў беларуская эканоміка расла менш чым на адсотак за год, і ВУП на душу насельніцтва павялічыўся ўсяго на 350 долараў, у той час як у нашых заходніх суседзяў гэта лічбы ў 10–30 разоў большыя, кажа Алег Мазоль. Так, за гэты перыяд ВУП на душу насельніцтва ў Польшчы павялічыўся больш чым на $ 4700, у Латвіі больш чым на $ 6700, у Літве – на 9 тысяч долараў.

«Нават паводле афіцыйнай статыстыкі ў 2016–2020 гадах, доля расходаў беларускіх семʼяў на харчаванне і спажывецкія тавары захоўваецца каля 40 %. Што характарызуе значны ўзровень беднасці насельніцтва Беларусі», – падкрэслівае Алег Мазоль.

І дабрабыт беларусаў будзе далей змяншацца, кажа Алег Мазоль. Пры гэтым эканамісты Еўразійскага банку развіцця прагназуюць налета рост ВУП для ўсіх краінаў Еўразійскага саюзу, апроч Расеі: на 3,5 % у Кыргызстане, на 4,2 % у Арменіі і Казахстане, на 6,5 % у Таджыкістане.

Паспяхова будуць развівацца, паводле прагнозаў міжнародных эканамістаў, і эканомікі заходніх краінаў – суседак Беларусі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»