Новы штам каронавірусу больш небяспечны. Ці вытрымае беларуская сістэма аховы здароўя?


У лістападзе Японія аслабіла абмежаванні на ўезд, а цяпер цалкам закрывае свае межы. Прычына – новы штам о-мікрон. «Я пастанавіў увесці абмежаванні на ўезд для замежнікаў з усяго свету пачынаючы з аўторка – у якасці экстраннага кроку. Мы імкнемся пазбегчы горшай сітуацыі ў нашай краіне», – заявіў прэм’ер-міністр Японіі Фуміё Кісіда.

Першым для замежнікаў закрыўся Ізраіль. Для суграмадзянаў, якія вяртаюцца дамоў, тут увялі абавязковыя ПЛР-тэсты і двухтыднёвы каранцін. Шэраг краінаў забараніў уезд для жыхароў афрыканскага кантыненту. Менавіта тут быў зафіксаваны першы выпадак заражэння штамам о-мікрон – спачатку ў Батсване і Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Цяпер штам ахапіў Лесота, Намібію, Зімбабвэ і Мазамбік.

«Штам о-мікрон утрымлівае вялікую колькасць мутацыяў. Незвычайна вялікую. Паколькі ён упершыню з‘явіўся ў ПАР, мы можам меркаваць, што менавіта там ён набыў гэтыя мутацыі. І мы ведаем, што цяпер у ПАР вялікая ўспышка. Гэтыя выпадкі абумоўленыя гэтым штамам», – тлумачыць былы клінічны фармаколаг Вольга Садоўская.

Выйшаў новы штам і па-за межы Афрыкі. Першыя выпадкі заражэння о-мікронам зафіксавалі ў шэрагу еўрапейскіх краінаў: Нямеччыне, Італіі, Бельгіі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, а таксама ў Ізраілі, Гон-Конгу ды Аўстраліі. Два выпадкі выявілі ў Канадзе.

«Мы вельмі сурʼёзна ставімся да гэтага штаму о-мікрон, мы ведаем, што мы цяпер у гонцы з часам. Чаму? Бо мы не ўсё ведаем пра гэты штам, але ён выклікае заклапочанасць. І навукоўцам, і вытворцам спатрэбіцца два-тры тыдні, каб атрымаць поўную карціну аб якасці мутацыяў гэтага штаму о-мікрон», – заявіла кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Сёння эксперты Сусветнай арганізацыі здароўя пацвердзілі: новы штам – «вельмі высокая глабальная пагроза з патэнцыйна сурʼёзнымі наступствамі». Эксперты раяць абмяжоўваць паездкі і вяртацца да абмежаванняў унутры краінаў.

«Чым больш будзе распаўсюджвацца COVID-19, тым больш магчымасцяў у гэтага віруса для змянення, мутацыі і развіцця розных формаў», – адзначыў прадстаўнік САЗ Крыстыян Ліндмаер.

Аб узмацненні антыковідных захадаў ужо заявіла Польшча. З 1 студзеня тут павялічваецца працягласць каранціну для вандроўнікаў з-за межаў шэнгенскай зоны і ўзмацняюцца абмежаванні ўнутры краіны. У Расеі о-мікрон пакуль не выяўлены, але прынятыя прэвентыўныя захады.

«Увесь свет і САЗ намагаюцца зразумець, наколькі ён небяспечны. Гэтая інфармацыя аналізуецца ва ўрадавым штабе, вельмі аператыўна былі прынятыя рашэнні аб закрыцці некаторых кірункаў на ўезд у Расею А што тычыцца далейшых крокаў, гэта будзе залежаць ад тых высноваў, якія зробяць навукоўцы», – падкрэсліў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

А ў Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, пандэмія ідзе на спад. Аддзяленні і больніцы паступова вяртаюцца з «ковіднага» ў звыклы рэжым працы, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. За апошнія содні зафіксавалі амаль 1500 новых выпадкаў заражэння, 13 чалавек памерлі. Для выяўлення штаму о-мікрон у беларускіх вірусолагаў ёсць усе магчымасці, запэўніваюць чыноўнікі.

«Абавязкова трэба заклікаць людзей вакцынавацца. Так, вакцыны ў меншай ступені могуць абараняць людзей ад новых штамаў, але яны ўсё роўна бароняць. Адсотак смерцяў вакцынаваных людзей нашмат меншы», – упэўненая Вольга Садоўская.

Поўны курс вакцынацыі ў Беларусі прайшлі амаль 3 мільёны асобаў. Раней міністр аховы здароўя заявіў пра неабходнасць вакцынаваць каля 5 мільёнаў чалавек.

Антон Каменскі, «Белсат»