Вайна дронаў – у Севастопалі беспілотнікі атакавалі расейскія караблі


Раніцай у Севастопальскай бухце анексаванага Крыму гучалі выбухі. Прызначаны Расеяй кіраўнік гораду Міхаіл Разважаеў запэўнівае: караблі на вайскова-марской базе адбівалі атаку дронаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Украінскія ж крыніцы паведамляюць, што пашкоджаныя чатыры расейскія караблі, сярод якіх «Адмірал Макараў». Мінабароны Расеі пацвердзіла нязначнае псаванне тральшчыка і зазначыла, што ўсе дроны нападнікаў знішчаныя.

«Рыхтаванне гэтага тэрарыстычнага акту і навучанне вайскоўцаў украінскага 73-га адмысловага цэнтру марскіх аперацыяў ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам размешчаных у горадзе Ачакаў Мікалаеўскай вобласці брытанскіх адмыслоўцаў», – гаворыцца ў паведамленні Мінабароны Расеі.

Дроны працягваюць адыгрываць важную ролю ў баявых дзеяннях, хоць колькасць беспілотных атак з боку Расеі зменшылася, заяўляе спікер камандавання Паветраных сілаў Украіны Юрый Ігнат.

«З 13 верасня, калі першы дрон-камікадзэ «Shahed 136» быў збіты ў Купянску на Харкаўшчыне, да сённяшняга дня маем ужо больш за 300 збітых іранскіх дронаў-камікадзэ «Shahed 136», – кажа Юрый Ігнат.

Выведка Украіны заяўляе, што дроны Расея запускае, між іншага, і з тэрыторыі Беларусі.

«Праціўнік з таго кірунку працягвае выкарыстоўваць беспілотныя лятальныя апараты-камікадзэ. На гэтым тыдні непасрэдна 10 запускаў дронаў «Shahed» былі здзейсненыя з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», – кажа намеснік кіраўніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ Аляксей Громаў.

Пры гэтым лічаць, што Лукашэнка спрабуе пазбегчы адкрытага ўварвання беларускіх войскаў ва Украіну. Але памежныя войскі Украіны на беларускай мяжы застаюцца ў баявой гатовасці.

«Зараз мы рыхтуемся яшчэ лепш, яшчэ больш. Мы ўзмацняем нашыя інжынерныя збудаванні дзяржаўнай мяжы для таго, каб спыніць праціўніка проста на дзяржаўнай мяжы, не дапусціць уваходу на тэрыторыю Украіны», – заяўляе прэс-сакратар Чарнігаўскага памежнага атраду Галіна Шэхаўцова.

Пра небяспеку таго, што ўлады Беларусі могуць выканаць загад Крамля, папярэджваюць асобы, блізка знаёмыя з Лукашэнкам.

«Сёння яны дакладна выконваюць тое, што гаворыцца ў Маскве, тое, што гаворыцца ў Крамлі. І яны ў той меры ўвогуле існуюць і могуць рухацца, у якой ім вызначыла прастору Масква, масквічы. Яны не могуць нічога рабіць самі», – лічыць мадэльер Саша Варламаў.

Паводле тэлеграм-каналу «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси», за сем месяцаў з нашай краіны ў Расею вывезлі ўжо 65 тысяч тонаў боепрыпасаў. А паводле выдання «Наша ніва», беларускія інструктары на беларускіх палігонах рыхтуюць расейскіх мабілізаваных да вайны ва Украіне.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»