Незабітая паэзія, незабытыя імёны


29-30 кастрычніка 1937 года. Жахлівыя гадзіны, што пазней сталі звацца «Ноччу расстраляных паэтаў», сталі пікам рэпрэсіяў у Беларусі. Сёлета – 85-я ўгодкі тых падзеяў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Не смеем нават гаварыць

І думаць без крамлёўскай візы.

Без нас усё зробяць махляры

І міжнародныя падлізы».

Аўтар гэтага верша – Алесь Дудар, адзін з сотні забітых у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года і пахаваны, меркавана, у Курапатах, што пад Менскам.

«Гэта былі вельмі адукаваныя людзі, – адзначыў культуролаг Васіль Дранько-Майсюк. – Яны ведалі некалькі моваў. Яны былі філосафы, лінгвісты, стваральнікі новых словаў, выдатныя паэты, празаікі. Гэтым хлопцам не было і трыццаці гадоў, але гэта былі ўжо сапраўдныя інтэлектуалы еўрапейскага маштабу».

У расстрэльны спіс трапілі 22 літаратары, а агулам – 108 асобаў: педагогі, выкладчыкі, філосафы, партыйныя і прафсаюзныя дзеячы.

Агулам у перыяд з 1929-га па 1938-мы гады былі знішчаныя больш за 500 выбітных дзеячаў беларускай культуры, навукі, мастацтва. На думку паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча, гэтыя людзі былі забітыя найперш таму, што яны былі беларусамі. Больш за тое: гэта – звёны большага ланцуга. У тыя самыя дні, плюс-мінус, украінскія паэты, інтэлігенты забіваліся за тое, што ўкраінцы, грузінскія – за тое, што былі грузінамі.

Першая акцыя «Ноч расстраляных паэтаў» прайшла ў 2017 годзе ў Курапатах пад Менскам, дзе пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяраў сталінскага рэжыму. І з таго часу стала штогадовай. Людзі ўшаноўваюць памяць пра выдатных творцаў не толькі ў Беларусі. Агучваюць іхныя імёны. І, вядома ж, чытаюць вершы…

«Пада мной рассцілаецца ноч,

Вецер думы кіпучыя студзіць.

Здзек чужацкі, як добра адточаны нож,

Вастрыём упіваецца ў грудзі».

«Расстраляныя паэты хацелі, каб Беларусь была нацыянальная, каб Беларусь была самастойная. Каб мы развіваліся як моцная еўрапейская дзяржава. Яны ні перад кім не прыгіналіся, яны не былі рабамі па сваёй філасофіі. За гэта дзяржава іх і знішчала», – патлумачыў Васіль Дранько-Майсюк.

Апошняя масавая акцыя ў Курапатах адбылася ў 2020 годзе. На ёй, у тым ліку, зачытвалі імёны забітых падчас мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў. На наступны год памяць ахвяраў сталінізму ў Курапатах ушанавалі замежныя дыпламаты. Праўда, там іх чакалі прадзяржаўныя журналісты і спрабавалі справакаваць на скандал.

«Сённяшні беларускі нелегітымны рэжым баіцца нават памяці пра расстраляную нашу культуру. Таму, што каты трыццаць сёмага і іншых крывавых гадоў не змяніліся асабліва, – падкрэсліў Андрэй Хадановіч. – Духоўныя нашчадкі іх дзейнічаюць сёння»

Сёлета «Ноч расстраляных паэтаў» ператварылася ў «Ноч паэтаў». Акцыі ўшанавання памяці адбываюцца ў дваццаць адной краіне свету.

Марына Яновіч, «Белсат»