Праваабаронца Раман Кісялёў: «Не ехаць у Расею – першая парада»


Чарговае затрыманне беларуса ў Расеі. У маскоўскім метро паліцыя спыніла для праверкі дакументаў жыхара Гомля Міхаіла Зубкова. Падчас праверкі высветлілася, што ён знаходзіцца ў вышуку на патрабаванне беларускіх уладаў.

Летась у верасні Міхаіл Зубкоў удзельнічаў у маршы пратэсту ў Гомлі, дзе яго затрымаў АМАП. Пасля 15-ці содняў арышту мужчына паехаў на працу ў Маскву. Сёлета ў жніўні да яго родных у Гомлі прыходзілі з ператрусам, у следчым камітэце жонцы патлумачылі што на фотаздымках з маршу бачна як Міхаіл падышоў да амапаўца «бліжэй, чым належыць». Паводле папярэдніх звестак, супраць Міхаіла Зубкова распачалі крымінальную справу за гвалт над супрацоўнікам міліцыі.

Гэта далёка не першы выпадак, калі праціўнікаў беларускага рэжыму на замову беларускіх спецслужбаў знаходзяць у Расеі.

«У нас зафіксавана такіх выпадкаў ужо 8, гэта менавіта тых для якіх экстрадыцыйная працэдура праводзілася цалкам. І ёсць яшчэ некалькі выпадкаў дзе не вельмі спраўджаная інфармацыя. Таму не дзіўна што гэта адбылося зноў, бо відавочна што не знікла падстава для ўзаемадзеяння паміж расейскімі і беларускімі сілавікамі», – кажа кіраўнік прававых праграм Маскоўскай хельсінкскай групы Раман Кісялёў.

Пра добрае ўзаемадзеянне паміж спецслужбамі Менску і Масквы напярэдадні ўзгадваў пасля сустрэчы з расейскім калегам Ігарам Красновым Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.

«Калі браць агульны аб’ём прававой дапамогі, то ў адрозненне ад нашых так званых заходніх калегаў, якія фактычна сёння не выконваюць просьбаў, не выдаюць злачынцаў нават па агульнакрымінальных злачынствах, агульнакрымінальных падкрэсліваю, 80 % просьбаў пра аказанне прававой дапамогі напраўляюцца ў Расейскую федэрацыю», – кажа Андрэй Швед.

Гэткая супраца сілавікоў тлумачыцца не толькі шматлікімі пагадненнямі, падкрэслівае журналіст Віталь Цыганкоў:

«…Але і даволі трывалымі моцнымі сувязямі паміж імі, нефармальнымі і плюс пэўнай ідэйнай еднасцю, паколькі падыходы сілавікоў да свайго народу як у Беларусі такі ў Расеі прыблізна аднолькавыя».

Калі вам давялося выехаць у Расею, важна захоўваць кантакт з роднымі і дыяспарай, з тымі, хто ў выпадку небяспекі можа паінфармаваць грамадскасць пра вашыя праблемы. І мець кантакт да праваабаронцаў. Сумесны праект дапамогі беларусам, што трапілі пад экстрадыцыйны працэс ладзяць Маскоўская хельсінкская група і Камітэт грамадзянскага садзеяння.

«Мы можам суправаджаць юрыдычна ўсё ад пачатку да канца. Пры гэтым трэба разумець што ў СІЗА найхутчэй давядзецца пасядзець. Але так ці інакш у нас паспяховая практыка па прыманні рашэнняў Еўрапейскага суду пра забарону на экстрадыцыю», – адзначае Раман Кісялёў.

Але галоўная парада праваабаронцаў – не ратавацца ад беларускага рэжыму ў Расеі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»