Ноч расстраляных паэтаў


Іх забілі толькі за тое, што яны былі беларусамі. Чэкісцкай куляю ім заткнулі раты, каб змоўкла беларуская мова, на якой яны пісалі свае творы. Аднак забіць памяць, а значыць і саму Беларусь каты ўсё-ткі не здолелі. Сёння прынамсі ў 38-мі гарадах па ўсім свеце праходзіць «Ноч расстраляных паэтаў» у памяць пра закатаваных 84 гады таму сталіністамі беларускіх літаратараў.

Плачуць асеннія клёны…

Месяц лісты палічыў…

Нехта знайшоў мільёны,

Нехта душу загубіў…

Гэтыя радкі ў далёкім 1927-м годзе напісаў малады беларускі паэт Тодар Кляшторны. Роўна праз 10 гадоў яго, як і многіх іншых прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты, расстралялі чэкісты. Толькі ў адну ноч – з 29 на 30-га кастрычніка 1937-га года ў сутарэннях менскай унутранай турмы НКВД былі забітыя больш за сотню выбітных дзеячаў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадскіх дзеячаў тагачаснай БССР, у тым ліку – 22 беларускія пісьменнікі. У нашую гісторыю гэтая крывавая дата ўвайшла як Чорная ноч, альбо Ноч расстраляных паэтаў.

Жалобная акцыя «Ноч расстраляных паэтаў», якая ладзілася з 2017-га ў Курапатах, сёлета ўпершыню вымушана змяніла фармат. Гэтым разам беларусы па ўсім свеце чытаюць вершы расстраляных паэтаў онлайн ці выкладаюць у сеціва запісаныя відэа. Прычыны сыходу ад традыцыйных чытанняў ува ўрочышчы на месцы масавых расстрэлаў беларусаў сталіністамі відавочныя – складаная сітуацыя з каронавірусам і пагроза затрыманняў удзельнікаў акцыі сучаснымі карнікамі беларускага народу.

«Міністэрства ўнутраных справаў, вайскоўцы, Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, нібыта выконваючы інструкцыі, робяць злачынства. Я лічу, што гэта фактычна вяртанне да сталінскіх рэпрэсіяў», – кажа гісторык Яўген Дудкін.

«Гэта жахлівы час – 1937-ы. І гэта час, які ўсё больш рыфмуецца з 2020-м і 2021-м. Хіба што толькі адзін фактар – грамадства, якое не маўчыць, сотні тысяч галасоў пратэсту – адрознівае нас ад 1937-га», – заўважае паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Вось толькі чаму ж наагул гэтая вычварная рэінкарнацыя сталінізму ў сучаснай Беларусі сталася магчымая? Няўжо ж мы, беларусы, мала нацярпеліся?

«У 1995-м годзе быў праведзены рэферэндум, дзе большасць насельніцтва былой БССР, яшчэ не Беларусі, сказала: а што, нам не нада ні мова, ні гэтыя нацыянальныя сімвалы – нам усяго гэтага не нада, вярніце БССР! Вярнулі. Ну, жывіце, радуйцеся…» – кажа бард і пісьменнік Зміцер Бартосік.

А калі ж не надта радасна жывецца сёння ў краіне, якою кіруе вялікі аматар Гітлера і Сталіна, дадае бард Зміцер Бартосік, то застаецца толькі адно – вярнуць гэты выбар і зрабіць яго на карысць не БССР, а Беларусі.

Валера Руселік, «Белсат»