«Гэта не мігранты, гэта - турысты!»


Грамадзянаў краінаў Блізкага Усходу і Афрыкі можна пабачыць у беларускіх крамах, парках, гатэлях – іхная прысутнасць ужо нікога не здзіўляе ні ў сталіцы, ні ў вёсках ля мяжы з краінамі Еўразвязу. Паводле дэпутата Андрэя Савіных, гэтыя людзі прыбываюць у Беларусь абсалютна легальна ў якасці турыстаў.

«Міністэрства замежных справаў праводзіць вельмі дбайную селекцыю і выдае візы толькі па запрашэннях ад канкрэтных турыстычных фірмаў. Яны функцыянуюць у Беларусі, аказваюць поўны пакет паслуг і маюць адпаведную рэгістрацыю», – заявіў старшыня камісіі ў міжнародных справах Андрэй Савіных.

Аднак ні ў Мірскі замак, ні ў аграсядзібы або санаторыі гэтыя нібыта турысты не паехалі. Іх цікавіць заходні кірунак.

«Для польскага боку ўсе асобы, якія пераходзяць мяжу з боку Беларусі ці з любой іншай дзяржавы, калі перасякаюць мяжу нелегальна, не праз памежныя пераходы, застаюцца нелегальнымі мігрантамі», – тлумачыць прэс-сакратар польскай памежнай службы Анна Міхальска.

«Мігранты начуюць у падземных пераходах» – цытуе скаргу жыхароў сталіцы агенцтва «Минск-новости».

«Іншаземныя грамадзяне бадзяюцца па вёсках, ці варта нам баяцца?» – запыталіся жыхары Раснянскага сельсавету начальніка мясцовага РАУС Віктара Водчыца.

Ягоны адказ прыводзіць газета «Навіны Камянеччыны»:

«Дзеянні мігрантаў у раёне застаюцца пад пільным кантролем. Яны разбіваюць намётавыя лагеры і чакаюць магчымасці працягнуць свой шлях у Еўропу. У адваротным выпадку будуць вернутыя ў свае краіны».

Выходзіць, што так званых турыстаў цікавіць зусім не Беларусь. За апошнія содні толькі на польска-беларускай мяжы зарэгістравалі 575 спробаў нелегальнага пераходу. Польскія памежнікі затрымалі 9 праваднікоў мігрантаў.

«На жаль, гэта адбываецца ў вялікім маштабе. На дадзены момант паліцыя арыштавала ўжо 170 чалавек. І гэтыя 170 чалавек перавозілі людзей, якія незаконна трапілі на тэрыторыю нашай краіны на сваіх аўтамабілях», – сведчыць паліцэйскі з Падляшша Томаш Крупа.

Каб зменшыць наплыў уцекачоў у Еўразвяз з тэрыторыі Беларусі, Нямеччына дамовілася аб спыненні авіязлучэння паміж Іракам і нашай краінай. Напярэдадні намеснік міністра замежных справаў Ірану сустрэўся з тым жа Андрэем Савіных і прасіў прадставіць грамадзянам Ірану гуманітарную дапамогу і дапамагчы вярнуцца дадому тым, хто гэтага жадае. Невядома, што Савіных адказаў іранскаму чыноўніку, але таму ж агенцтву «Минск-новости» ён заявіў, што беларуская мяжа абараняецца дрэнна, і з гэтым нічога зрабіць нельга, а таксама, што нельга вярнуць мігрантаў дадому, бо яны выкінулі свае дакументы.

«Здарэнні, якія мы бачылі шмат разоў, і якія мы паказвалі, – што беларускія службы дапамагаюць у пераразанні плоту, прывозяць мігрантаў пад лінію мяжы, паказваюць ім месцы, дзе тыя могуць перакрочыць мяжу. Такія дзеянні вядуць не да абароны мяжы, а да павелічэння нелегальнай міграцыі, калі гаворка пра беларускі бок», – кажа прэс-сакратар польскай памежнай службы Анна Міхальска.

Паводле звестак сэрвісу «flightradar24», польскія памежнікі пачалі патруляваць мяжу ў раёне Берасця з дапамогай самалётаў малой авіяцыі. На лёгкіх самалётах могуць быць усталяваныя цеплавізары і камеры – каб бачыць людзей, што хаваюцца ў высокай траве.

Ірына Карніенка, «Белсат»