Еўропа дасць вакцыну. Ці Беларусь прыме?


Лукашэнка звязаў будучы падатак на кватэры з выдаткамі на лячэнне ад Ковіду, якіх на канец года налічыў 2 мільярды долараў і назваў іх «непрадказальнымі». У прызнаныя экстрэмісцкімі Тэлеграм-каналы беларусы дасылаюць сведчанні, як сістэма аховы здароўя «скідваецца» на дапамогу хворым – на ўстаноўкі пад кісларод, машыны хуткай дапамогі. Хутка дапамога можа прыйсці і з Захаду… калі прымуць.

Тры цяжарныя з COVID-19 памерлі ў Менскім стацыянары цягам апошніх двух тыдняў – паводле крыніцаў Zerkalo.io і Радыё Свабода. Немаўлят удалося выратаваць.

Ва ўсіх выпадках жанчыны заразіліся не ў шпіталі. Акушэрка-гінеколаг з Менску пракаментавала ўзровень бяспекі ў радзільнях:

«Па партнёрскіх родах выконваюць толькі раней заключаныя кантракты. Для наведвання радзільні патрабуецца ПЦР тэст або даведка/сертыфікат аб вакцынацыі. Роды ў чырвонай зоне праводзяцца персаналам у поўным «абмундзіраванні», парадзіхі нараджаюць без масак. Дзяцей усіх для абследавання першапачаткова забіраюць неанатолагі».

Планаваць цяжарнасць пад час пандэміі, ці ўстрымацца? – меркаванні чытачоў Тэлеграм-каналу «Белсат» – падзяліліся:

«У мінулым годзе планавалі цяжарнасць, перанеслі на нявызначаны тэрмін. Бо то рызыкі ўжо вельмі вялікія».

«Увогуле ў Беларусі трэба 10 раз падумаць, а ці трэба тое дзіця. Куды яго пускаць? У які свет?»

«У снежні нараджаем. Палёт нармальны. Ніякіх прышчэпак ні бацька ні маці не рабілі. За паўгода да зачацця абодва перахварэлі ў самай лёгкай форме».

Лекары нагадваюць – імунітэт цяжарнай – слабейшы. Для іх а таксама маці, якія кормяць грудзямі, беларускія медыкі прапаноўваюць кітайскую вакцыну Vero Cell, якая, згодна з даследаваннямі, забяспечвае перадачу антыцелаў праз плацэнту – плоду, і з малаком мамы – дзіцяці.

Даследнікі вірусу тыпу Дэльта падкрэсліваюць, што ў адрозненні ад папярэдніх штамаў, ён атакуе таксама і маладых асобаў.

«Ён валодае здольнасцю пранікаць не толькі ў артэрыяльныя і эндатэліальныя клеткі арганізму, але і ў іншыя: клеткі макрафагаў, манацыты, клеткі бронхаў, кішэчніку. Ён праходзіць праз увесь арганізм, таму мы маем такія дрэнныя наступствы», – кажа Марына Граноўская, малекулярны біёлаг.

Стрымаць эпідэмію Міністэрства аховы здароўя хоча да канца года, прышчапіўшы агулам 5 мільёнаў чалавек. Дзеля гэтага трэба вакцынаваць па мільёне асобаў на месяц. Дагэтуль сярэдні тэмп вакцынацыі складаў 290 тысяч на месяц. Частка людзей яшчэ не атрымалі другой дозы вакцыны «Спутник-V».

Ведаючы з незалежных крыніцаў, што вакцыны ў Беларусі не стае, а смяротнасць вышэйшая за афіцыйныя звесткі, Святлана Ціханоўская ў размове з еўракамісарам Оліверам Варгеліем прасіла накіраваць у Беларусь мільён бясплатных доз еўрапейскіх вакцынаў.

«Зараз важна правесці кансультацыі з ААН, з Коваксам (гэта праграма Сусветнай Арганізацыі здароўя) і вырашыць які імпліментар гатовы ўзяць на сябе адказнасць. А ад уладаў мы чакаем проста згоды», – паведаміў Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай.

У офісе падкрэсліваюць, што здароўе нашых людзей – мае быць вышэйшае за палітычныя амбіцыі.

Дзярждапамогі медычнай галіне не стае – ілюструе выпадак у Жлобінскай больніцы. Кіраўніцтва просіць увесь персанал унесці адсотак ад заробку на набыццё машыны хуткай дапамогі і іншыя патрэбы. Растуць закупачныя кошты на расходныя матэрыялы для больніц і нават на мяхі для памерлых.

Будуць расці таксама падаткі – кажа Аляксандр Лукашэнка:

«І чаму мы яшчэ ўзяліся за падаткі. На канец года 2 мільярды долараў непрадбачаных выдаткаў, каб ратаваць людзей. А за кошт чаго мы будзем ратаваць? У нас жа бясплатная вакцынацыя, бясплатнае лячэнне ад Ковід».

Прыняць бясплатную вакцыну ў такім выпадку было б лагічна.

Юлія Цяльпук, «Белсат»