Якія метады ў махляроў і як ім супрацьстаяць?


Махляры не спяць! Толькі за сёння стала вядома пра 2 выпадкі махлярства. Жыхарка Крычава перавяла амаль 5 тысяч долараў, калі даведалася ад ашуканцаў, што хтосьці нібы афармляе крэдыты на яе імя. 2 тысячы долараў аддала мінчанка кур’еру-махляру пасля званка пра тое, што яе нявестка вінаватая ў ДТЗ.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Толькі з сакавіка тэлефонныя аферысты выцягнулі з беларусаў больш за 4 мільёны долараў. Адно тэлефанаванне – і людзі гатовыя аддаваць свае грошы. Прычыну назваў намеснік кіраўніка галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Дзмітрый Бурдзюк:

«Пад легендай аказання дапамогі сваякам, якія нібыта трапілі ў ДТЗ. Раскрыццё такіх злачынстваў складае амаль 80%».

Агулам заведзеныя амаль 600 справаў за паўгода. Зазвычай пасля званка па грошы прыходзіць курʼер. У большасці выпадкаў яму 18–35 гадоў.

Калі вам тэлефануюць з інфармацыяй пра бяду з блізкім – перазваніце ў адпаведны орган і перапытайце, ці праўда гэта. Ахвярамі махлярства звычайна робяцца пенсіянеры. Чаму людзі вераць, распавяла псіхолаг Ала Марціновіч:

«Калі чалавек пужаецца – у яго адключаецца крытычнасць мыслення, і ён пачынае давяраць. Сама па сабе ў псіхалогіі трывожная надумлівасць – гэта гіпнабельнасць. Са свайго досведу як псіхолага і псіхатэрапеўта хачу сказаць, што нам прасцей за ўсё лячыць трывожна-надумлівых людзей. Яны вераць усяму, што мы кажам».

Схемы розныя. Ледзь не кожны сутыкаўся са званком махляра, які называецца працаўніком банку і паведамляе, што з рахункам адбываюцца падазроныя аперацыі. Мэта – атрымаць вашыя звесткі, распавядае эксперт у кібербяспецы Мікалая Кванталіяні:

«Гэта ўзлом чалавека, калі мы падштурхоўваем самога карыстальніка даць дадзеныя, якія нам патрэбныя, каб яго ўзламаць. Вы альбо даеце здальны доступ да свайго тэлефону, альбо дыктуеце свой CVS-код і дадзеныя карты, альбо самі прадыктоўваеце двухфактарную аўтэнтыфікацыю, якая стаіць у большасці банкаў».

Але адкуль махляры даведваюцца пра вашае імя і назву банку, які вас абслугоўвае? Адказвае Мікалай Кванталіяні:

«Гэта можа быць зліў базы дадзеных самога банку. Гэта можа быць збор дадзеных пра карыстальніка. То бок гэта ўцечка персанальных дадзеных з іншых баз дадзеных, дзе ўказаныя, напрыклад, імя, прозвішча, нумар тэлефону, нумар пашпарту. Злачынцы зазвычай купляюць гэтыя агульнадасяжныя ўжо базы дадзеных. І на падставе гэтага плануюць сваю атаку».

Таму самы першы крок, паводле эксперта, быць уважлівым, калі пакідаеце свае персанальныя звесткі, напрыклад, пры інтэрнэт-пакупках. Але што, калі махляр усё ж дабраўся да вас? Мы разабралі распаўсюджаныя сітуацыі.

Служба тэхпадтрымання тэлефануе з афіцыйных нумароў. Таму калі бачым званок праз мэсэнджар – лепш увогуле не адказваць. Але махляр можа патэлефанаваць і з афіцыйнага нумару. Просяць асабістыя звесткі? Пакладзіце слухаўку. Зазвычай банкі аўтаматычна блакуюць рахунак і пасля ўжо звязваюцца з кліентам. Калі ёсць сумневы, патэлефануйце ў службу падтрымання.

Калі ад незнаёмага акаўнту прыходзіць паведамленне пра перамогу ў акцыі і спасылка – не пераходзьце па ёй. Калі ж паведамленне з падазронай спасылкай прыходзіць ад знаёмага – перапытайце, што гэта. Яго акаўнт маглі ўзламаць махляры.

Будзьце ўважлівыя пры пакупках онлайн. Паводле вашага запыту ў пашукавіку найперш выйдуць рэкламныя спасылкі – іх маглі стварыць махляры. А як даўно існуе сайт або акаўнт? Той, што зʼявіўся толькі тыдзень таму, хутчэй за ўсё створаны махлярамі. Каля адраса сайта мусіць быць зачынены замочак – гэта значыць, што старонка зашыфраваная.

Памятайце пра крытычнае мысленне і задавайце пытанні, калі незнаёмыя хочуць вашых грошай.

Яна Шэк, «Белсат»