Зельцар vs КДБ: што вядома на сёння?


Інцыдэнт з стралянінай напярэдадні ў Менску, у выніку якой загінулі два чалавекі, абрастае ўсё новымі версіямі і меркаваннямі. Смерць айцішніка кдбшніка адначасова сталася і нагодаю для ўсё новых абвінавачванняў і мовы нянавісці з праўладных каналаў у бок палітычных апанентаў рэжыму Лукашэнкі.

Раскурочаныя дзверы і плямы крыві на падлозе – гэтак выглядала сёння зранку лесвічная пляцоўка ў доме на Якубоўскага 29 у Менску. Напярэдадні тут прагучалі стрэлы, якія забралі жыцці двух чалавек. Генпракуратура паспяшалася выступіць з заяваю: грамадзянін падазраваўся ў здзяйсненні асабліва небяспечных злачынстваў, а працаўнікі КДБ дзеялі паводле закону.

«Супрацоўнікі прадставіліся жыхарам кватэры прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Неаднаразовыя патрабаванні адчыніць дзверы і запусціць у жытло, папярэджанні аб ускрыцці замыкальных прыладаў гаспадар праігнараваў», – адзначыла ў афіцыйнай заяве прадстаўніца Генпракуратуры Анжаліка Курчак.

Вядомыя асобы абодвух забітых. Жыхар кватэры – 31-гадовы Андрэй Зельцар, які працаваў у ІТ-кампаніі «EPAM Systems», захапляўся спортам і быў чальцом Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, на законных падставах захоўваў удома паляўнічую стрэльбу. Падтрымліваў пратэсты супраць узурпацыі ўлады рэжымам Лукашэнкі.

Паводле крыніцаў «BYPOL», загінулы сілавік – баец групы «А» КДБ Дзмітрый Федасюк. Па факце забойства працаўніка КДБ Следчы камітэт распачаў крымінальную справу.

«Гэта забойства асобы ў сувязі з ажыццяўленнем ёю службовай дзейнасці. Папярэдне ўсталявана, што 28 верасня гэтага года працаўнікамі органаў дзяржаўнай бяспекі праводзіліся адмысловыя мерапрыемствы па адпрацоўцы адрасоў, у якіх маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці», – заявіў прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч.

У сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя і пра жонку застрэленага сілавікамі Андрэя Зельцара. Гэта 40-гадовая Марыя Успенская, якая ў трагічны вечар таксама была ў кватэры і здымала тое, што адбывалася. Жанчына падазраюць у суўдзеле ў забойстве спецслужбіста, яна ў ізалятары на Акрэсціна. Няпоўнагадовага сына Андрэя і Марыі забрала да сябе бабуля.

Валера Руселік, «Белсат»