«Выдатны зяць. Самы любімы чалавек» Кім быў забіты Андрэй Зельцар?


Трыццаць адзін год, закончыў Менскі каледж бізнесу і права, працаваў у «Іпам», быў жанаты, выхоўваў сына, клапаціўся пра бацьку з інваліднасцю. Знаёмыя Андрэя пацвярджаюць: на відэа, распаўсюджаным телеграм-каналамі, менавіта ён.

«Я яго пазнаю ўсюды, у яго вельмі запамінальная аблічнасць» – кажа знаёмы Андрэя.

Аднакласнік Андрэя, з якім удалося звязацца нашай рэдакцыі, кажа пра яго як пра добразычлівага і стрыманага чалавека.

«Апошнімі гадамі мы не так блізка ўжо размаўлялі, Андрэй пераехаў у іншы раён. Але я яго сустрэў нядаўна, месяцы два таму, і хачу сказаць – ён не змяніўся. І гэта мне ў ім заўсёды падабалася. Ён нібыта не мяняўся ні вонкава, ні ўнутрана – такі ж актыўны, стрыманы, разважлівы, усмешлівы, добразычлівы» – узгадаў аднакласнік Андрэя.

У дзяржаўных медыях прадэманстравалі старонку Андрэя ў «Інстаграме», дзе сярод іншых здымкаў ёсць таксама фота стрэльбы. Мы знайшлі яшчэ адну старонку, якая распавядае пра загінулага больш. Андрэй жыў спортам: бегаў марафоны, хадзіў у паходы, займаўся фехтаваннем. Кандыдат у майстры спорту па рапіры. Апошнім часам часцей трэнаваўся з шабляю. З агнястрэльнай зброяй малады чалавек таксама быў знаёмы – займаўся паляваннем. Але ў тое, што ён мог быць часткай тэрарыстычнай групоўкі, аднакласнік Андрэя не верыць.

«У дзяржавы логіка цяпер такая: вы апрыёры ўсе тэрарысты, мы да ўсіх прыйдзем, а потым разбярэмся. Андрэй ніколі б не забіў, каб проста забіць. Але ён мог даць адпор, так» – мяркуе аднакласнік.

Паводзіны Андрэя нам пракаментавала псіхолаг. Паводле яе, непадрыхтаваны чалавек дзеіць у такіх сітуацыях інтуітыўна, а ўзяць у рукі зброю яму падказаў інстынкт самазахавання.

«Уключаюцца паводзіны вось проста рэфлекторныя. Ён жа не супрацоўнік АМАПу, які намуштраваны, натрэнаваны на тое, каб у выпадку небяспекі страляць ці яшчэ нешта рабіць. Ён не снайпер, дзе людзі вучацца ў стрэсавай сітуацыі рабіць пэўныя рэчы. Гэта жывы чалавек, у якога ўдома ёсць стрэльба. Вось адбылася стрэсавая сітуацыя – ягоны арганізм спрацаваў так» – сцвярджае псіхолаг Наталля Скібская.

Пра дзяўчыну на відэа – жонку Андрэя, Марыю, вядома не шмат. Ёй 40 гадоў, з адукацыі – эканамістка, нядаўна закончыла курсы тэставальніцы, вучыла англійскую і хацела таксама працаваць у IT. У сям’і адносіны былі добрыя, кажа цешча Андрэя. Яго ж называе самым любімым чалавекам.

«Нічога не прадракала бяды. Андрэй вельмі добры чалавек, выдатны зяць. Самы любімы чалавек. Спакойны, уважлівы, разважлівы, добры. Заўсёды дапамагае. Любая цешча марыла б пра такога зяця. З яго бацькамі мы пакуль размаўлялі толькі на тэму ўнука. Мы пакуль яшчэ ў шоку, не ведаю, як гаварыць з імі пра гэта ўсё» – кажа цешча Андрэя.

Спрабуюць знайсці словы і карыстальнікі інтэрнэту. У сеціве пасля трагедыі зʼявіліся тысячы каментароў са спачуваннямі сваякам як аднаго, так і іншага забітага.

Міхаіл Прановіч «Белсат»