Адказ на кантрабанду людзей


Гэта яшчэ не санкцыі. Еўрапейская камісія рыхтуецца замарозіць некаторыя пункты спрошчанага візавага рэжыму з Беларуссю. Абмежаванні закрануць службовых асобаў, звязаных з рэжымам Лукашэнкі, і не будуць датычыць звычайных беларусаў. Гэта толькі адзін з адказаў на дзяржаўнаю зарганізаваную кантрабанду мігрантаў з Беларусі ў Еўразвяз.

Еўрапейская камісія прыняла абноўлены план барацьбы з нелегальным увозам мігрантаў – абноўлены з прычыны дзеянняў беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў.

«Мы хочам зламаць бізнес-мадэль кантрабандыстаў, і першы раз, у гэтым пагадненні, мы звяртаемся да новай формы кантрабанды, якая выклікае хваляванні. Гэта рост ролі дзяржаўных суб‘ектаў у штучным стварэнні ды палягчэнні нерэгулярнай міграцыі з выкарыстаннем людзей як інструментаў, у палітычных мэтах», – заявіў віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Маргарытыс Схінас.

Прасцей кажучы, Еўразвяз цалкам ускладае на рэжым Лукашэнкі адказнасць за масавую нелегальную міграцыю з Беларусі ў Літву, Латвію і Польшчу. У польскіх памежнікаў новы рэкорд: за мінулы дзень яны перадухілілі адразу 473 спробы нелегальнага пераходу мяжы. Пры гэтым беларускіх памежнікаў называюць адказнымі за тэхнічную падрыхтоўку парушальнікаў.

«Мы ніколі не мусім праяўляць слабасць да Лукашэнкі і таго, што ён робіць, іначай ён пойдзе далей. Я ў гэтым перакананая. Лукашэнка ў адчаі. І ў нас мусіць быць цвёрды адказ», – заклікала калегаў еўракамісарка ўнутраных справаў Ільва Югансан.

Пяты пакет санкцыяў Еўразвяз яшчэ рыхтуе, а Еўракамісія пакуль уводзіць новае абмежаванне: адмяняе спрошчаны візавы рэжым для верных Лукашэнку чыноўнікаў. Калі Еўрапейская рада прыме змены, то чыноўнікі не змогуць атрымаць шматразовай візы ў Еўразвяз, будуць плаціць падвышаны візавы збор і дакументальна даказваць мэту візіту.

«Мы не будзем караць беларускі народ за дзеянні іх ураду. Прыпыненне спрошчанага візавага рэжыму будзе мэтанакіраванае і закране дзяржаўных службоўцаў ды ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў. Але гэта сігнал для ўсіх іншых», – заявіў віцэ-прэзідэнт Маргарытыс Схінас.

Беларускія чыноўнікі падаюць свой сігнал: нібыта мігранты на еўрапейскіх межах з’явіліся не з Беларусі, а знутры Еўразвязу. Напрыклад, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, працаўнік дзяржаўнага тэлебачання Тэнгіз Дунбадзэ зладзіў на мяжы адмысловую фотасесію з мігрантамі ды дэпутаткай, экс-міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч.

«На мяжы з гуманітарнай місіяй. Група з 36 грамадзянаў Афганістану з 18 жніўня знаходзіцца ў гэтых пякельных умовах на тэрыторыі суседняй Польшчы. Іх выдварылі з глыбіні краіны і сілай спрабавалі зацягнуць у Беларусь. На знак пратэсту яны размясціліся на самой мяжы і жывуць тут», – напісаў Думбадзэ ў сваім фэйсбуку.

Мігранты апранутыя ў форменныя штаны і бушлаты беларускіх памежных войскаў старога ўзору. Польскія памежнікі называюць гэта чарговай правакацыяй для распальвання ўзброенага канфлікту.

А латышскія вайскоўцы пачалі ставіць на мяжы з Беларуссю часовыя агароджы з калючага дроту. Сёння Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі падпісала новыя дамовы аб пабудове плота агулам на суму 2,4 млн еўраў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»